„Баварыя” пазмагаецца з „Рэалам”, „Ювентус” – з „Барселонай”



У штаб-кватэры УЕФА сёння, 17 сакавіка, адбылася жараб’ёўка чвэрцьфінальнай стадыі еўрапейскіх клубных футбольных турніраў.

У барацьбе за выхад у паўфінал Лігі чэмпіёнаў дзеючы пераможца гэтых спаборніцтваў мадрыдскі „Рэал” двойчы сустрэнецца з мюнхенскай „Баварыяй”, якую ўзначальвае італьянскі спецыяліст Карла Анчалоці. Футбалісты „Рэала” 33-і раз згуляюць у чвэрцьфінале галоўнага клубнага турніру Старога Свету, „Баварыі” – 27-ы.

Яшчэ адзін клуб з іспанскай сталіцы „Атлетыка” сустрэнецца з дэбютантам ЛЧ англійскім „Лестэрам”. Трэці іспанскі гранд „Барселона” памераецца сіламі з чэмпіёнам Італіі турынскім „Ювентусам”. Другі прадстаўнік нямецкай бундэслігі дортмундская „Барусія” згуляе з „Манака”.

Першыя матчы 1/4 фіналу адбудуцца 11 і 12 красавіка, матчы ў адказ – 18 і 19 красавіка. Паўфіналы пройдуць 2-3 і 9-10 мая, вырашальны паядынак Лігі чэмпіёнаў адбудзецца 3 чэрвеня на стадыёне „Міленіум” у брытанскім Кардыфе.

Пазней адбудзецца жараб’ёўка чвэрцьфінальных пар другога па рангу кантынентальнага турніру – Лігі Еўропы.

belta.by