Беларус Аляксандр Бачко пяройдзе ў „Гурнік” з Забжэ



Беларускі распасоўнік Аляксандр Бачко сёлета стане гульцом „Гурніка” з Забжэ. Клуб ужо прадставіў навічка. Цяпер Бачко бароніць колеры „Азотаў” з Пулаў. З гэтай камандай беларускі гандбаліст двойчы станавіўся бронзавым прызёрам чэмпіянату Польшчы. Таксама ён вядомы па выступленнях за БГК, СКА і „Рыіхімякі”.

Зборная ЗША ў авертайме адолела каманду Швецыі

Зборная ЗША ў авертайме адолела каманду Швецыі ў матчы групавога раунда чэмпіянату свету-2022 па хакеі — 3:2. „Трэ Крунур” пацярпелі першую паразу на турніры. Яшчэ ў адным матчы групавога этапу Зборная Даніі перамагла каманду Францыі – 3:0.

Роджэр Федэрэр і Серэна Уільямс выпадуць з рэйтынг-лістоў пасля „Уімблдона”

20-разовы чэмпіён турніраў „Вялікага шлема”, былая першая ракетка свету швейцарац Роджэр Федэрэр і 23-разовая пераможца ТБШ, былая першая ракетка свету, амерыканка Серэна Уільямс выпадуць з рэйтынг-лістоў АТП і ВТА пасля „Уімблдона”. Гэта здарыцца нават у тым выпадку, калі яны прымуць удзел у травяным мэйджары. Раней АТП і ВТА прынялі рашэнне не налічваць рэйтынгавых ачкоў за ўдзел ва „Уімблдоне” з-за адхілення арганізатарамі расейцаў і беларусаў.

У Шчучыне прайшоў розыгрыш Суперкубка па пляжным футболе

У матчы адкрыцця сезона па пляжным футболе магілёўскі „ЦАР” абыграў „Шчучын” – 12:4 і заваяваў Суперкубак Беларусі. У пераможцаў Іван Канстанцінаў забіў тры мячы. Найлепшым гульцом у складзе „Шчучына” прызнаны Аляксандр Кірылаў, у камандзе ЦАР – Арцемій Дрозд.

Экс-кіраўнік беларускай федэрацыі рэгбі Данілевіч перастаў выходзіць на сувязь

Экс-кіраўнік беларускай федэрацыі рэгбі, спартовы юрыст Аляксандр Данілевіч са ўчорашняга дня перастаў выходзіць на сувязь. Сваякі лічаць, што яго затрымалі. У красавіку бягучага года ён быў звольнены з факультэта міжнародных адносін БДУ з-за сваёй грамадзянскай пазіцыяй. Ва ўніверсітэце ён прапрацаваў 20 гадоў. Раней Данілевіч супрацоўнічаў з НАК Беларусі ў справе аб нядопуску весляроў на АГ-2016, а пасля выбараў 2020 года дапамагаў спартоўцам на судах па адміністрацыйных справах.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]