Беларус Аляксей Жарнасек заваяваў залаты медаль ЧЕ па водных лыжах



Новапалачанін Аляксей Жарнасек заваяваў залаты медаль на чэмпіянаце Еўропы па водных лыжах за катэрам, які прайшоў у Іспаніі. Шматразовы чэмпіён і рэкардсмен свету пацвердзіў свой клас у фігурным катанні, атрымаўшы 11620 балаў.

На другім радку размясціўся П’ер Балон з Францыі, а трэцяе месца заняў яго суайчыннік Луі Дзюплан-Фрыбург. У актыве беларускай каманды на турніры і серабро ў скачках з трампліна Ганны Стральцовай. Апярэдзіць беларуску атрымалася толькі Мары Вымпранецавай з Грэцыі. У суме мнагаборства Ганна Стральцова заняла таксама другое месца, трэцяе – у яшчэ адной беларускі Аляксандры Данішеўскай. У агульнакамандным заліку чэмпіянату зборная Беларусі заняла другое месца. Першае – у французскіх водналыжнікаў.

Ілля Шымановіч выйшаў у фінал ЧС па плаванні на 50 м брасам

Ілья Шымановіч выйшаў у фінал чэмпіянату свету па плаванні на дыстанцыі 50 м брасам. Турнір праходзіць у Кванджу (Рэспубліка Карэя). Беларус фінішаваў чацвёртым. Лепшым па выніках паўфінальных заплываў стаў спартовец з Вялікабрытаніі Адам Піці. Фінальны заплыў адбудзецца 24 ліпеня.

Беларускі баскетбаліст Мікіта Мешчаракоў перайшоў у піцерскі „Спартак”

Беларускі баскетбаліст Мікіта Мешчаракоў працягне кар’еру ў „Спартаку” з Санкт-Пецярбурга. Такая інфармацыя змяшчаецца на сайце расейскага клуба. Нападнік правёў апошнія тры сезоны ў менскіх „Цмоках”. У складзе беларускай каманды Мікіта Мешчаракоў прыняў удзел у 68 гульнях чэмпіянату ВТБ, у яго актыве 334 ачкі. У піцерскім „Спартаку” пераход гульца лічаць адным з самых удалых трансфераў міжсезоння. Кантракт з беларускім нападнікам разлічаны на адзін сезон.

„Табол” плануе скасаваць кантракт з Міхаілам Гардзейчуком

Казахстанскі „Табол” пасля вылету з Лігі Еўропы працягвае чысціць клуб. Цяпер кастанайцы плануюць скасаваць кантракт з беларускім паўабаронцам Міхаілам Гардзейчуком, паведамляе Prosports.kz. Ініцыятыва сыходзіць ад клуба. Але сам гулец не збіраецца пакідаць каманду па прынятай у КПЛ „узаемнай” згодзе бакоў. Гулец зборнай Беларусі мае намер альбо атрымаць кампенсацыю за скасаванне дамовы, альбо застацца ў камандзе да канца кантракту.

На гульню БАТЭ – „Русенборг” засталося каля 1500 квіткоў

У першым матчы другога кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў БАТЭ прыме „Русенборг”. Сустрэча пройдзе 24 ліпеня на „Барысаў-Арэне” і пачнецца ў 20.00. У продажы засталося каля 1500 квіткоў. Швейцарац Сандра Шэрэр прызначаны галоўным арбітрам гэтага матчу.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота [email protected]