Беларусь атрымала дадатковую ліцэнзію на зімовыя Алімпійскія гульні ў Пекіне



Беларусь атрымала дадатковую ліцэнзію на зімовыя Алімпійскія гульні ў Пекіне. Адной спартоўкай папоўнілася нацыянальная каманда па лыжнай акрабатыцы, паведамляе прэс-служба НАК Беларусі.

Размяркоўвалі дадатковыя квоты па рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту (FIS), згодна з якім для Беларусі была выдзелена яшчэ адна ліцэнзія ў жаночай лыжнай акрабатыцы. Пропуск на галоўны старт чатырохгоддзя дастаўся Анастасіі Андрыянавай. Такім чынам, колькасць беларускіх атлетаў на Гульнях-2022 узрасла да 29.

„Юнацтва” абыграла „Нёман”

У беларускай экстралізе завершаны першы тур другога этапа. У пятніцу ў барацьбу на гэтай стадыі ўступілі каманды з верхняй шасцёркі табліцы. Сталічнае „Юнацтва” на лёдзе „Чыжоўка-арэны” прымала „Нёман”. Асноўны час матчу скончыўся з лікам 3:3, усе шайбы за гарадзенцаў закінуў Артур Буйніцкі. На хет-трык форварда гасцей менчукі адказалі дублем Дзмітрыя Арсенюка, яшчэ аднойчы ў чужую брамку трапіў Андрэй Паўленка. Зыход сустрэчы вырашыўся ўжо на 40-й секундзе авертайму, перамогу „Юнацтву” прынёс Аслан Раісаў. Два іншыя матчы дня завяршыліся з лікам 2:1 – „Гомель” адолеў „Шахцёр”, а „Металург” у Жлобіне аказаўся мацнейшым за „Віцебск”.

Лепшы брамнік вышэйшай лігі Павел Паўлючэнка перайшоў у апошнюю каманду чэмпіянату Польшчы

Беларускі брамнік Павел Паўлючэнка перайшоў у польскі клуб „Тэрмаліка” з вышэйшага дывізіёна чэмпіянату краіны. Пра гэта паведамляе прэс-служба клуба. У мінулым сезоне Паўлючэнка правёў у складзе „Руху” 28 матчаў у чэмпіянаце Беларусі, у якіх прапусціў 27 мячоў, 15 разоў згуляў на нуль і быў прызнаны лепшым брамнікам вышэйшай лігі ў 2021 годзе. У актыве галкіпера таксама 7 матчаў за нацыянальную зборную Беларусі. „Тэрмаліка” пасля 18 матчаў займае апошняе, 18-е месца, у турнірнай табліцы вышэйшага дывізіёна чэмпіянату Польшчы. Каманду нядаўна ўзначаліў экс-настаўнік берасцейскага „Дынама” Радаслаў Латал.

Жусцін Брэзаз-Бушэ выйграла індывідуальную гонку на этапе Кубка свету па біятлоне

Французская біятланістка Жусцін Брэзаз-Бушэ стала пераможцай індывідуальнай гонкі на сёмым этапе Кубка свету, які праходзіць у італьянскім Антхольцы. 15-кіламетровую дыстанцыю Брэзаз-Бушэ пераадолела за 42 хвіліны 40,6 секунды, дапусціўшы ўсяго адзін промах на чатырох агнявых рубяжах. Яе сяброўка па камандзе Жулі Сымон фінішавала з другім часам, саступіўшы суайчынніцы 51,1 секунды. На трэцяй пазіцыі размясцілася шведка Мона Брурсан з адставаннем 1 хвіліна 37,2 секунды. Сымон і Брурсан зарабілі па дзве хвіліны штрафу.

Лепшай з прадстаўніц Беларусі стала Дзінара Алімбекава, якая паказала сёмы вынік – у яе 3 промахі і адставанне  2 хвіліны 36,2 секунды.

Расейцы разграмілі славакаў на чэмпіянаце Еўропы па міні-футболе

Зборная Расеі па міні-футболе пераможна пачала выступы на чэмпіянаце Еўропы ў Нідэрландах. У Амстэрдаме ў першым паядынку папярэдняй групы С расейцы разграмілі харватаў 7:1. У другім матчы гэтага квартэта палякі прайгралі харватам з лікам 1:3.

Гандбалісты Іспаніі адолелі расейцаў у асноўным этапе чэмпіянату Еўропы

Гандбалісты зборнай Іспаніі святкавалі другую вікторыю ў асноўным этапе чэмпіянату Еўропы, які праходзіць на арэнах Венгрыі і Славакіі.

У стартавым матчы 2-га тура дзеючыя чэмпіёны кантынента адолелі каманду Расеі з мінімальнай перавагай у ліку – 26:25. Пазней у славацкай сталіцы шведы абыгралі зборную Польшчы 28:18.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]