Беларусь – Боснія і Герцагавіна: нічыя



Гандбалісты зборнай Беларусі пачалі адборавы турнір да чэмпіянату Еўропы. На сваёй пляцоўцы яны прымалі дружыну Босніі і Герцагавіны і падзялілі ачкі – 25:25. Цягам гульні наперадзе пераважна былі балканцы. Да канца першага тайма гаспадары падцягнуліся – 12:13, але пачатак другой паловы зноў прынёс поспех баснякам. За сем хвілін да канца беларусы зноў дагналі суперніка, пасля чаго, дзякуючы ўдалай гульні на браме Віталя Чарапенькі, вырваліся на тры мячы наперад. Але далей заўзятараў чакала валідольная канцоўка – госці зноў вярнулі перавагу – “плюс два”. Падначаленыя Юрыя Шаўцова пасля тайм-аўту ўсё ж знайшлі сілы параўняць лік, а на апошніх секундах мелі магчымасць вырваць перамогу, але Сяргей Шыловіч не трапіў у брамку. У выніку – справядлівая нічыя. Лепшым гульцом у складзе беларусаў быў прызнаны Віталь Чарапенька.

У групе 2 таксама выступаюць зборныя Даніі і Літвы. Наступны матч беларусы правядуць 2 лістапада ў Шаўляі супраць прыбалтыйскай дружыны.

Беларускае Радыё Рацыя