Беларусь разгромна прайграла Швецыі



Змрочны для краіны дзень прадоўжыўся і на футбольным полі. У Стакгольме нацыянальная дружына Беларусі разгромна саступіла зборнай Швецыі – 0:4. Сустрэча адбылася ў рамках адборавага турніру да чэмпіянату свету 2018 году.

У першым тайме скандынавы мелі адчувальную перавагу, што ўвасобілася ў гол з пенальці Эміля Форсберга на 19-й хвіліне. Наш брамнік крануўся мяча пры 11-мятровым, але адбіць яго не здолеў. У пачатку другой паловы той жа Форсберг аформіў дубль. На 57-й Маркус Берг давёў лік да буйнага, а Ісак Тэлін на 78-й – да разгромнага. Зборная Беларусі, хоць і гуляла ў пяць абаронцаў, паказала абсалютную разбалансаванасць і няздольнасць змагацца на роўных з сярэдняй рукі еўрапейскай дружынай. Не лепшым чынам праявіў сябе і звычайна надзейны беларускі галкіпер Гарбуноў, на сумленні якога другі і трэці прапушчаныя мячы. Пра атаку лепш і не гаварыць.

Адзіны пазітыў ад гэтага матча – вялізны бел-чырвона-белы сцяг, які прынеслі на трыбуну беларускія заўзятары.

Беларускае Радыё Рацыя