Беларусь-Швецыя – 0:4. Такі зараз беларускі футбол



Футбольная зборная Беларусі правяла чарговы паядынак адборавага турніру да чэмпіянату свету 2018 года. На сваім полі ў Барысаве яна прымала каманду Швецыі і прайграла 0:4.

Стартавы склад Беларусі на гэты раз выглядаў так: Чэрнік — Бурко, Філіпенка (капітан), Сівакоў, Сачыўка, Рыас — Балановіч, Няхайчык, Корзун — Сарока, Сігневіч. У параўнанні з матчам у Люксембургу з першых хвілін на поле выйшла ажно 7 іншых футбалістаў.

На пачатку беларусы былі больш актыўнымі і валодалі мячом, але ўжо на 18-й хвіліне правал па цэнтры абароны прывёў да лёгкага голу скандынаваў – сваё прозвішча на табло запісаў Эміль Форсберг. А на 24-й усё было скончана – дзіцячая памылка Міхаіла Сівакова прывяла да „абрэзкі” – Крыстафер Нюман выйшаў сам на сам з Чэрнікам і спакойна забіў другі мяч. На 29-й хвіліне пасля стрэлу са штрафнога Форсберга беларусаў уратавала папярэчына. Яшчэ праз хвіліну Нюман ненаўмысна, але неабачліва прайшоўся бутсай па галаве Чэрніка, атрымаўшы за гэтую кроў справядлівую жоўтую картку. 

На 37-й хвіліне чарговы правал па цэнтры абароны прывёў да трэцяга голу – у выніку Форсберг выкаціў мяч Маркусу Бергу, які адправіў яго ўжо ў пустую браму.

Для частковай рэабілітацыі альбо да поўнай ганьбы ў беларускай зборнай заставаўся другі тайм. Тайм, які ніхто з беларусаў ужо глядзець не хацеў.

У другой палове сустрэчы шведы асабліва не напружваліся, але здолелі канчаткова дэкласаваць зборную Беларусі – чацвёрты гол з пенальці на рахунку Андрэаса Гранквіста.

Паралельна ў нашай групе Нідэрлянды прымалі Балгарыю. Ужо на 7-й хвіліне Дэві Пропер прабіў балканскую абарону. У другім тайме ветэран аранье Ар’ен Робэн падвоіў перавагу гаспадароў. Неўзабаве Георгі Кастадзінаў падарыў надзею балгарам. Але той жа Пропер аднавіў статус-кво. Выніковыя 3:1 на карысць галяндцаў.

Позна ўвечары Францыя сустракалася  з Люксембургам і не здолела пеармагчы – 0:0. Такім чынам Беларусь апусцілася на самае дно групы А.

Турнірная табліца пасля гэтых матчаў набыла такі выгляд: 1. Францыя – 17 ачкоў, 2. Швецыя – 16, 3. Нідэрлянды – 13, 4. Балгарыя – 12.  5. Люксембург – 5. 6. Беларусь – 5, 

 

Беларускае Радыё Рацыя