Беларусь выйграла гандбольную кваліфікацыю



Гандбольная дружына Беларусі заняла першае месца ў сваёй адборавай групе да чэмпіянату Еўропы. У заключным матчы адбору каманда Юрыя Шаўцова згуляла на сваім паркеце ўнічыю са зборнай Сербіі – 27:27. Пасля першага тайму беларусы былі наперадзе 13:10, вялі ў ліку і далей, але ў канцоўцы ўсё ж упусцілі вікторыю. Аднак, і нічыі хапіла каб першынстваваць у групе. Беларусь і Сербія набралі па 8 ачкоў, але за кошт асабістых сустрэч вышэй у табліцы стаіць Беларусь. Абедзве зборныя пераадолелі кваліфікацыю. Румынія і Польшча не прайшлі гэтае сіта. Не будзе на Еўра і іншых суседзяў – расейцаў. Расею ў адборы выбіла зборная Чарнагорыі.

У сустрэчы з сербамі за Беларусь выступалі: брамнікі Мацкевіч, Салдаценка; палявыя гульцы Броўка, Кулеш (2 галы), Бабічаў (1), Пухоўскі (3), Дзяніс Рутэнка, Шумак, Юрынок (7 мячоў – лепшы вынік), Баранаў (4), Карвацкі (6), Падшывалаў (1), Цітоў, Кулак (1), Гайдучэнка (2), Алёхін. Лёсаванне фінальнай часткі гандбольнага Еўра пройдзе 23 чэрвеня. Фінальны розыгрыш пройдзе ў Харватыі. Дакладна ведама, што на групавой стадыі Беларусь размінецца з Даніяй і Швецыяй, паколькі будзе сеяцца з імі з аднаго кошыка.

Склад удзельнікаў турніру такі: Аўстрыя, Беларусь, Данія, Германія, Вугоршчына, Іспанія, Нарвегія, Сербія, Славенія, Францыя, Хараватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Швецыя. Яшчэ дзве дружыны з 16 не вызначыліся.

Беларускае Радыё Рацыя