Беларусь выйграла ў Македоніі



Дэбютны матч Аляксандра Хацкевіча ў руля зборнай Беларусі па футболе завяршыўся гасцявой перамогай над камандай Македоніі з лікам 2: 1. Гэты выйгрыш стаў для нашай каманды першым у гэтым адборавым цыкле да чэмпіянату Еўропы-2016. Да гэтага беларусы без асаблівых поспехаў правялі чатыры стартавыя сустрэчы.

Не лепшым чынам пачаўся і паядынак у Македоніі. Ужо на 9-й хвіліне Трайковскі дакладным ударам у далёкі кут  адкрыў лік у матчы. Доўгі час гульня ў беларусаў не ладзілася, але з сярэдзіны першага тайма падначаленыя Аляксандра Хацкевіча пачалі паступова перахопліваць ініцыятыву. Гэта прывяло да голу Цімафея Калачова на апошняй хвіліне першай паловы гульні.

Другі тайм прайшоў у роўнай барацьбе, але больш шанцаў выйсці наперад было ў беларускай зборнай. Адзін з галявых момантаў яны рэалізавалі на 82-й хвіліне, калі першым на дабіванне паспеў Сяргей Карніленка.

У іншых матчах групы „С” Іспанія перамагла Украіну – 1: 0, а Славакія разграміла Люксембург – 3:0.

Беларускае Радыё Рацыя