Беларусы не трапілі ў лік прызёраў этапа Кубка свету па фрыстайле



Беларускія фрыстайлісты не трапілі ў лік прызёраў трэцяга этапу Кубка свету ў фінскай Руцы. У спаборніцтвах мужчын лепшым з беларускіх лыжных акрабатаў быў Ігар Драбянкоў, які заняў 8-е месца. У Максіма Гусціка 16-я пазіцыя, 31-е месца заняў Павел Дзік, Дзмітрый Мазуркевіч  на 34-м месцы, Станіслаў Гладчанка на 37-м. Пераможцам стаў расіянін Максім Бураў, які выйграў трэці запар кубкавы этап у новым сезоне. У жанчын беларуска Ганна Дзяруга заняла 22-е месца, Анастасія Андрыянава апынулася на 24-м радку, алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова паказала толькі 29-ы вынік. Лепшай стала ўкраінская спартоўка Анастасія Навасад.

Хакеісты менскага „Дынама” ўступілі ніжагародскаму „Тарпеда” у чэмпіянаце КХЛ

Хакеісты менскага „Дынама” пацярпелі трэцюю паразу запар у матчах чэмпіянату КХЛ. Напярэдадні „зубры” саступілі на лёдзе „Мінск-Арэны” ніжагародскаму „Тарпеда” з лікам 1:2. Адзіную шайбу ў складзе «зуброў» за 8 секунд да заканчэння гульні закінуў Раман Гарбуноў.

Пасля 38 праведзеных сустрэч „Дынама” знаходзіцца на 9-м месцы ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. Свой наступны паядынак менчукі правядуць 12 снежня ў сябе дома супраць лідара канферэнцыі фінскага „Ёкерыта”.

Шаранговіч закінуў шайбу, аднак „Нью-Джэрсі” уступіў „Нэшвілу”

У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Нью-Джэрсі” пацярпеў хатнюю паразу ад „Нэшвіл” — 2:4. Беларускі форвард гаспадароў Ягор Шаранговіч закінуў шайбу на 59-й хвіліне, усталяваўшы канчатковы лік. Увогуле наш суайчыннік правёў на пляцоўцы 17 хвілін і 4 секунды, набраў 1 (1+0) ачко, 5 разоў кінуў па брамцы, зарабіў „+1” па сістэме „плюс-мінус” і выйграў 2 з 5 укідванняў. На рахунку нападніка стала 9 (4+5) балаў у 22 матчах сёлетняга сезона НХЛ.
„Вашынгтон” пацярпеў хатнюю паразу ад „Піцбурга” — 2:4. Беларускі форвард гаспадароў Аляксей Протас правёў на пляцоўцы 10 хвілін 16 секунд і выйграў 2 з 7 укідванняў. У гэтым сезоне ў актыве Аляксея 16 гульняў у НХЛ і 5 (2+3) набраных ачкоў.

Магнус Карлсэн абараніў тытул чэмпіёна свету па шахматах

Нарвежац Магнус Карлсэн абараніў званне чэмпіёна свету па шахматах. Ён зрабіў гэта датэрмінова пасля таго, як паспяхова правёў 11-ю партыю супраць прэтэндэнта на тытул – расейца Яна Няпомняшчага.

У гэтай гульні, дзе скандынаўскі гросмайстар выступаў на баку чорных, ён зноў перамог. Такім чынам, лік у супрацьстаянні стаў 7,5 на 3,5 на карысць Магнуса. Наперадзе шахматыстаў чакаюць яшчэ тры партыі, але ні пры якіх абставінах Няпомняшчы ўжо не зможа нават зраўняцца з чэмпіёнам.

Беларускае Радыё Рацыя