Беларуская біятланістка Ганна Сола заняла 4-е месца ў алімпійскай гонцы пераследу



Сола, якая стартавала 26-й, двойчы прамахнулася на лежні, а страляючы стоячы, толькі адзін раз не трапіла ў мішэнь і ў выніку нават вяла барацьбу за бронзу, але не змагла абысці суперніц. Лідар беларускай каманды Дзінара Алімбекава пайшла на дыстанцыю 15-й, адстаючы ад пераможцы  спрынту нарвежкі Мартэ Ройсэлан на паўтары хвіліны. Чыста адстраляўшыся на двух рубяжах са становішча лежачы, беларуска паднялася на дзявятае месца. Але на першай стойцы стральба ў яе разладзілася – Дзінара Алімбекава зарабіла тры штрафныя кругі. Апошні агнявы рубеж быў пройдзены бездакорна і ў выніку яна заняла 19-е месца. Лідэрства ў агульнакамандным медальным заліку Алімпіялы вярнулі нарвежцы (9-5-7), другімі ідуць немцы (8-5-1), трэцімі – амерыканцы (6-5-1).

Беларуская канькабежка Ганна Ніфонтава заняла 19-е месца на дыстанцыі 500 м на Алімпіядзе

Беларуская канькабежка Ганна Ніфонтава заняла 19-е месца на дыстанцыі 500 метраў на алімпійскім турніры ў Пекіне. Беларуска бегла ў 12-й пары і паказала час 38,30 секунды. Яе вынік апынуўся 19-м сярод 30 удзельніц спаборніцтваў. Алімпійскай чэмпіёнкай стала амерыканская спартоўка Эрын Джэксан з вынікам 37,04 секунды.

Хакеісты ЗША і Швецыі выйшлі ў чвэрцьфінал алімпійскага турніру

Зборныя ЗША і Швецыі выйшлі ў чвэрцьфінал алімпійскага хакейнага турніру ў Пекіне. У матчы 3-га тура папярэдняй групы А хакеісты ЗША перайгралі немцаў 3:2. Каманда Канады разграміла кітайцаў з сухім лікам 5:0. Раней у заключным паядынку квартэта С фіны ў авертайме вырвалі перамогу ў шведаў – 4:3. Шведы сталі лепшымі сярод каманд, якія занялі трэція месцы, таксама прайшлі ў 1/4 фінал. У іншым матчы славакі абыгралі каманду Латвіі з лікам 5:2.

Гандбалісты менскага СКА згулялі ўнічыю з „Шэўдэ” ў матчы Кубка ЕГФ

Гандбалісты менскага СКА дабіліся нічыёй у першым матчы 1/8 фіналу розыгрышу Кубка ЕГФ. Гуляючы ў гасцях у шведскага клуба „Шэўдэ”, віцэ-чэмпіёны Беларусі некалькі разоў вялі ў ліку, а за дзве хвіліны да фінальнай сірэны гаспадары выйшлі наперад – 26:24. Настаўнік армейцаў Ігар Папруга ўзяў тайм-аўт і ў выніку яго падначаленыя дагналі сапернікаў – нічыя 26:26. Самымі выніковымі ў складзе менчукоў сталі Кірыл Самойлаў і Мікалай Алёхін, якія закінулі па 5 мячоў. Паядынак у адказ за выхад у наступны этап Кубка ЕГФ адбудзецца 20 лютага на пляцоўцы менскага спарткомплексу „Уручча”.

Іван Літвіновіч выйграў першы этап Кубка свету па скачках на батуце

Алімпійскі чэмпіён Токіа беларус Іван Літвіновіч стаў пераможцам першага ў новым сезоне этапа Кубка свету па скачках на батуце, які праходзіць у Баку. У фінале 21-гадовы ўраджэнец Вілейкі выйграў з вынікам 61,850 бала. Следам за Іванам Літвіновічам на другой выніковай пазіцыі размясціўся яшчэ адзін беларускі батутыст Андрэй Буйлаў, трэцяе месца заняў прадстаўнік Казахстана Даніл Мусабаеў. У жаночых індывідуальных спаборніцтвах беларуская спартоўка Кацярына Яршова заняла 4-е месца, у Віялеты Бардзілоўскай сёмая выніковая пазіцыя. Чэмпіёнкай стала расіянка Ірына Кундыус.

Беларускія самбісты заваявалі 21 узнагароду на Адкрытым Кубку Еўропы

Беларускія самбісты заваявалі 21 узнагароду на Адкрытым Кубку Еўропы, які праходзіў у Менску. Уладальнікамі залатых медалёў на дыванах спарткомплексу „Чыжоўка-Арэна” сталі Уладзімір Жупікаў (у вагавай катэгорыі 88 кг), Марыя Кандрацьева (вага звыш 80 кг) і Алена Купава (54 кг).  У турніры бралі ўдзел 140 спартоўцаў з 11 краін: Беларусі, Расіі, Арменіі, Балгарыі, Грэцыі, Грузіі, Ізраіля, Казахстана, Малдовы, Туркменістана і Таджыкістана. У статусе Адкрытага Кубка Еўропы турнір самбістаў у Мінску праводзіўся ўпершыню. Раней ён праходзіў як адкрыты чэмпіянат Беларусі, этап Кубка свету і міжнародны турнір катэгорыі А.

„Барса” на 6 даданай хвіліне вырвала нічыю ў „Эспаньёла”

У  Барселоне ў рамках 24-га тура іспанскай Прымеры «Эспаньёл» прымаў «Барселону». Каманды згулялі ўнічыю – 2:2. Лік быў адкрыты ў пачатку першага тайма. На 2-й хвіліне вызначыўся паўабаронца гасцей Педры. На 40-й хвіліне забіў хаўбек гаспадароў Серхі Дардэр. На 64-й хвіліне дэ Томас вывеў «Эспаньёл» наперад. А ў дададзены да другога тайма час арбітр выдаліў па гульцу з кожнай каманды. У распранальню ў «Эспаньёла» быў адпраўлены хаўбек Нікалас Рыбаўда, у «Барселоны» – абаронца Жэрар Піке. На 6 даданай хвіліне лік зраўняў нападнік «Барселоны» Люк дэ Ёнг, асіставаў нідэрландцу Адама Траорэ. Пасля 22 згуляных тураў „Барселона” размяшчаецца на 4-м месцы ў турнірнай табліцы іспанскай Прымеры. Сіне-гранатавыя маюць у сваім актыве 39 ачкоў. «Эспаньёл» – на 13-м месцы ў табліцы.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]