Беларуская «маладзёжка» згуляла ўнічыю з нарвежцамі



Зборная Беларусі ў матчы адборавага турніру маладзёжнага чэмпіянату Еўропы не змагла абыграць аднагодкаў з Нарвегіі: сустрэча завяршылася нічыёй 1:1. Гульня праходзіла на стадыёне „Тарпеда” ў Жодзіне.

У першым тайме да ўзяцця брамы справа так і не дайшла. Пасля перапынку каманды зайгралі ў адкрыты футбол, адказваючы на ​​выпады супернікаў. На 58-й хвіліне паўабаронца Дзяніс Грэчыха ўпэўнена прабіў у левы ніжні кут брамы нарвежцаў. Пасля гэтага госці ўзмацнілі ціск на супернікаў. Беларусы адбіваліся, спадзеючыся на контратакі. Аднак на 79-й хвіліне нарвежцы ўсё ж зраўнялі лік. Вызначыўся Эміль Бохінен, які ўсталяваў канчатковы лік сустрэчы.

Украіна абыграла Літву і лідзіруе ў сваёй адборавай групе

Футбалісты зборнай Украіны святкавалі пятую перамогу ў адборавым турніры чэмпіянату Еўропы. Пасля досыць лёгкай перамогі ў гасцях над Літвой, каманда Андрэя Шаўчэнкі не ведала цяжкасцяў і ў хатняй сустрэчы супраць гэтай жа зборнай. Перамогу ўкраінцам прынёс галявы дубль Руслана Маліноўскага. На 29-й хвіліне ён адкрыў лік, а на 58-й ураджэнец Жытоміра падвоіў перавагу сваёй каманды, выканаўшы штрафны ўдар. Яшчэ ў адным паядынку кваліфікацыйнай групы В зборная Партугаліі перамагла Люксембург — 3:0, а лідзіруюць украінцы, маючы 16 ачкоў, у партугальцаў – 11, але гульня ў запасе.

Вынікі сустрэч, што адбыліся напярэдадні ў іншых групах:

Зборная Андоры сенсацыйна абыграла Малдову – 1:0, а Чэхія нечакана дамаглася валявой перамогі ў матчы з ангельцамі – на гол на 5-й хвіліне Кейна, які рэалізаваў пенальці, чэхі адказалі дакладнымі ўдарамі Брабеца – на 9-й і Андрашэка на 85-й хвіліне. Чарнагорыя – Балгарыя – 0:0. Турцыя – Албанія – 1:0, Ісландыя саступіла Францыі – 0:1.

«Зубры» пацярпелі паразу ад «Йокерыта»

Хакеісты менскага „Дынама” саступілі фінскаму „Йокерыту”  – 2:3 у гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ. Паядынак прайшоў на „Хартвал Арэне”.

Пасля паразы ад рыжскіх аднаклубнікаў „зубрам” было неабходна перамагаць, каб замацавацца ў васьмёрцы наймацнейшых дружын Заходняй канферэнцыі. Таму на старце паядынку супраць „Йокерыта” падначаленыя Крэйга Вудкрафта паспрабавалі навязаць сваю гульню.

Тым не менш менавіта дружыне з Хельсінкі атрымалася першай адкрыць лік: на 8-й хвіліне форвард  Есе Йоэнсуу прарваўся скрозь дынамаўскую абарону і зрабіў дакладны кідок. У пачатку другой дваццаціхвілінкі нападнік „зуброў” Андрэй Сцяпанаў аднавіў раўнавагу ў ліку, а затым поспех менскай каманды развіў форвард Аляксандр Когалеў.

На 6-й хвіліне трэцяга перыяду  Велі-Маці Савінайнен зраўняў лік. А яшчэ праз 4 хвіліны яго аднаклубнік Браян О’Ніл закінуў вырашальную шайбу. Наступны паядынак „зубры” правядуць заўтра ў гасцях у падольскага „Віцязя”.

Казьянін будзе выступаць за «Дынама»

Беларускі хакеіст Ілля Казьянін падпісаў двухбаковы кантракт з менскім „Дынама”. Працоўнае пагадненне з 19-гадовым нападнікам разлічана на тры гады. Раней Казьянін знаходзіўся ў камандзе на праглядным кантракце. За гэты час ён правёў тры матчы ў КХЛ, адзначыўшыся адным выніковым кідком, праводзячы на пляцоўцы ў сярэднім за гульню амаль 5 хвілін. Папярэднім клубам хакеіста быў „Магілёў”, за які ў гэтым сезоне Ілля Казьянін правёў восем матчаў, набраўшы 7 (5 + 2) ачкоў.

«Цмокі-Мінск» ударала стартавалі ў еўракубках

Каманда „Цмокі-Мінск” упэўнена перамагла ў матчы Еўрапейскай жаночай баскетбольнай лігі, абыграўшы на выездзе чэшскую „Астраву” з лікам 67:52. Самай выніковай у камандзе Андрэя Ваўлева стала Вікторыя Гаспер, якая набрала 18 ачкоў.  У матчы гэтага ж турніру гарадзенская „Алімпія” сустракалася ў Растове-на-Доне з літоўскай дружынай „Кібіркшціс-МРУ” і прайграла з лікам 68:80.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ABFF.BY