Беларуская цяжкаатлетка дыскваліфікавана на два гады за допінг



Беларуская цяжкаатлетка Юлія Ясько 1999 года нараджэння дыскваліфікавана на два гады за допінг. У пробе спартоўкі знайшлі забароненае рэчыва карбоксі-тэтрагідраканнабінол. Тэрмін дыскваліфікацыі Ясько – па 23 жніўня 2023 года. Усе сёлетнія вынікі Юліі ануляваныя, адзначае сайт НАДА. На чэмпіянаце Беларусі Юлія Ясько заняла сёмае месца ў катэгорыі да 49 кг.

Аляксандра Сасновіч не прайшла ў 1/4 фіналу турніру ў Люксембургу

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч, якая мае 111-ы нумар сусветнага рэйтынгу, не змагла прабіцца ў чвэрцьфінал турніру катэгорыі WTA-250 у Люксембургу з прызавым фондам 235 тысяч 200 даляраў. У матчы другога раўнду беларуска саступіла 16-й ракетцы планеты бельгійскай тэнісістцы Эліз Мёртэнс – 6:3, 2:6, 5:7. Паядынак працягваўся 2 гадзіны 15 хвілін. У чвэрцьфінале суперніцай бельгійкі будзе 35-я ракетка планеты чэшская тэнісістка Маркета Вандраўшава.

Маскоўскі „Лакаматыў” у меншасці выратаваў нічыю ў матчы з „Марсэлем”

Маскоўскі „Лакаматыў” згуляў унічыю з „Марсэлем” у хатнім матчы 1-га тура групавога раўнду Лігі Еўропы – 1:1. Беларускі форвард расійскай каманды Віталь Лісаковіч выйшаў на поле на замену на 75-й хвіліне сустрэчы. У іншым паядынку групы рымскі „Лацыё” саступіў у гасцях турэцкаму „Галатасараю” 0:1. З іншых вынікаў гульнявога дня адзначу нічыю крыўдзіцеля салігорскага „Шахцёра” ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў балгарскага „Лудагорца” з дацкім „Мідтюландам” – 1:1. Цікавым апынуўся матчы іспанскага „Беціса” і шатландскага „Селтыка”. Каманды забілі на дваіх 7 мячоў, а севільская каманда перамагла – 4:3. Лонданскі „Тотэнхэм” не змог абыграць французскі „Рэн” 2:2. З такім жа лікам скончыўся матч „Лестэра” і „Напалі” і нідэрландскага ПСВ і „Рэал Сасьедад”.

Былы журналіст праводзіць трэніроўкі „Смаргоні” замест Герашчанкі

Былы расейскі журналіст Антон Міхашонак праводзіць трэніроўкі ў „Смаргоні”. 30-гадовы спецыяліст у пачатку верасня ўвайшоў у трэнерскі штаб „мядзведзяў” у якасці аналітыка. Міхашонак з 2011 года працаваў на сайце championat.com. У ліпені 2019 года Віктар Ганчарэнка запрасіў журналіста на зборы ЦСКА, але афіцыйна ў штаб клуба ён не ўвайшоў. Пасля працаваў аналітыкам у „Цверы” з ПФЛ. Пасля паразы ад БАТЭ Вячаслаў Герашчанка адсутнічае на трэніроўках клуба. Аб адстаўцы трэнера афіцыйна не аб’яўлялася. 19 верасня „Смаргонь” згуляе з гарадзенскім „Нёманам” у 23-м туры вышэйшай лігі.

Беларускае Радыё Рацыя