Беларускі арбітр будзе працаваць на матчы за Суперкубак УЕФА



Трыумфатары Лігі чэмпіёнаў футбалісты лонданскага „Чэлсі” сёння ў матчы за Суперкубак УЕФА згуляюць у Белфасце з пераможцам Лігі Еўропы іспанскім „Вільярэалам”. Сустрэчу ў паўночнаірландскай сталіцы будзе судзіць брыгада расейскіх арбітраў на чале з Сяргеем Карасёвым, а рэзервовым суддзёй прызначаны беларускі рэферы ФІФА Аляксей Кульбакоў. 41-гадовы гамяльчук уваходзіць у элітную групу арбітраў УЕФА і можа запрашацца на матчы Лігі чэмпіёнаў, чэмпіянатаў свету і Еўропы.

Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/8 фіналу турніру ВТА 1000 у Манрэалі

Вікторыя Азаранка (15 ВТА) выйшла ў 1/8 фіналу турніру ВТА 1000. Беларуска перамагла румынку Сарану Кырсцю (40 ВТА) з лікам 6:2, 6:2. У 1/8 фіналу Азаранка згуляе з пераможцай матчу Марыя Сакара (Грэцыя, 18 ВТА) – Вераніка Кудзерметава (Расея, 33 ВТА).

„Дынама-Маладзечна” і „Шахцёр” сталі фарм-клубамі менскага „Дынама”

„Дынама-Маладзечна” і „Шахцёр” будуць фарм-клубамі менскага „Дынама” ў будучым сезоне. Абедзве каманды ў розны час ужо супрацоўнічалі з „зубрамі”. Яшчэ адзін фарм-клуб, „Менскія зубры”, выступае ў вышэйшай лізе. Адпаведныя дакументы падпісаў генеральны дырэктар „Дынама-Менск” Сяргей Сушко.

Фінал чатырох Кубка Салея пройдзе на „Чыжоўка-Арэне” ў Менску

Фінал чатырох Кубка Салея-2021 пройдзе на „Чыжоўка-Арэне” ў Менску. 14 і 15 жніўня тры лепшыя каманды па выніках групавога этапу ( „Юнацтва”, „Гомель”, „Шахцёр”), а таксама дзеючы ўладальнік трафея ( „Дынама-Менск”) паспрачаюцца за перамогу ў першым турніры сезону.