Беларускі скакун у вышыню дыскваліфікаваны з-за ўжывання допінгу



Удзельнік Алімпіяды 2016 года ў Рыа-дэ-Жанейра беларускі скакун у вышыню Дзмітрый Набокаў дыскваліфікаваны на два гады і не зможа прымаць удзел у спаборніцтвах з-за парушэння антыдопінгавых правілаў.

У спробе спартоўца быў знойдзены фурасемід. Набокаў – чэмпіён Еўропы 2017 года сярод спартоўцаў да 23 гадоў, рэкардсмен Беларусі (2,36). На Гульнях у Бразіліі ён не змог прайсці адбор у фінальную стадыю спаборніцтваў.

Матч „Энергетык”-БДУ – „Слуцк” перанесены

У ходзе пасяджэння бюро Выканаўчага камітэта Асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” было задаволена хадайніцтва футбольнага клуба „Энергетык”-БДУ аб пераносе матчу 23-га тура вышэйшай лігі сезона-2020 з удзелам „студэнтаў” і „Слуцка” з 13 на 30 верасня 2020 года. Дадзенае рашэнне прынята ў сувязі з тым, што 3 футбаліста РЦАР БДУ былі выкліканыя ў склад моладзевай (U-21) зборнай Рэспублікі Беларусь для падрыхтоўкі і ўдзелу ў вераснёўскіх матчах кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы УЕФА (U-21) 2021 года. Названыя футбалісты дагэтуль знаходзяцца ў размяшчэнні моладзевай зборнай у Партугаліі.

У сувязі з правядзеннем 26 верасня ў Жодзіне святочных мерапрыемстваў да Дня машынабудаўніка Дэпартамент па правядзенні спаборніцтваў АБФФ задаволіў хадайніцтва „Тарпеда”-БелАЗ аб пераносе матчу 25-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе з „Нёманам” з 25 на 26 верасня.

Баскетбольны чэмпіянат Беларусі стартуе 26 верасня

Беларуская федэрацыя баскетбола зацвердзіла каляндар 29-га чэмпіянату краіны. Мужчынскі чэмпіянат Беларусі стартуе 26 верасня, жаночы пачнецца 27 верасня. У першым туры 29-га чэмпіянату сярод мужчынскіх каманд дзейсныя ўладальнікі залатых медалёў баскетбалісты „Цмокi-Менск” прымуць на сваёй пляцоўцы выхаванцаў сталічнага РГУОР.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: sputnik.by