Беларускі – сёмыя ў эстафеце



Зборная Нямеччыны упэўнена выйграла жаночую эстафету на чэмпіянаце свету па біятлоне ў фінскім Конціёлахці. Немкі выкарыстоўвалі 6 дадатковых патронаў і ажно на хвіліну апярэдзілі каманду Францыі, якая пры 9 дадатковых патронах яшчэ і пайшла на штрафны круг. Трэцяе месца занялі італійскія біятланісткі Беларускі з адным штрафным кругам і 8 дадатковымі патронамі не змаглі пазмагацца за подыум і занялі сёмае месца. Надзея Скардзіна завяршыла першы этап на дзесятай пазіцыі, але адставанне ад лідара складала ўсяго 15 секунд. Надзея Пісарава ўпэўнена пачала гонку, падняўшыся ў першую васьмёрку, але не справілася з другой стральбой, забегшы на штрафны круг. На перадачы эстафеты наша каманда займала 12-е месца, саступаючы першаму месцу хвіліну і 11 секунд. На трэцім этапе за нашу каманду бегла Ірына Крыўко, і менавіта яе выступ стаў самым лепшым у нашай камандзе. Крыўко не дапусціла ніводнага промаху і прадэманстравала нядрэнны ход, падняўшы зборную на шостае месца з адставаннем у паўтары хвіліну. Да подыума беларускам заставалася 30 секунд, але, на жаль, Дар’я Домрачава не змагла зрабіць вырашальны рывок. Лідарка нашай каманды прадэманстравала добры ход, але выкарыстала тры дадатковыя патроны. Як вынік, беларуская зборная фінішавала сёмай, саступіўшы таксама камандам Расеі, Нарвегіі і Украіны.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя