Беларускі тэнісіст Ілля Івашка выйшаў у 1/8 фіналу турніру ў Марсэлі



Беларускі тэнісіст Ілля Івашка (49-ы нумар сусветнага рэйтынгу) выйшаў у 1/8 фіналу турніру катэгорыі АТР-250 у французскім Марсэлі.

У матчы 1/16 фіналу беларус перайграў у дзвюх партыях славака Норберта Гомбаша (114) – 7:6 (7:5), 6:3. У паядынку за выхад у чвэрцьфінал супернікам Іллі Івашкі будзе італьянскі тэнісіст Стэфана Травалья (119).

Беларускія біятланісты занялі 8-е месца ў эстафетнай гонцы на Алімпіядзе

Беларускія біятланісты Мікіта Лабастаў, Дзмітрый Лазоўскі, Максім Варабей і Антон Смольскі занялі 8-е месца ў алімпійскай эстафетнай гонцы 4х7,5 км. Лёс золата вырашаўся на апошнім агнявым стрэльбішчы. Расейскі біятланіст Эдуард Латыпаў, які апярэджваў праследавальнікаў на 55 секунд, зарабіўшы два штрафныя кругі на стральбе стоячы, стаў толькі трэцім. Яго промахамі скарысталіся фінішар нарвежскай каманды Ветле Крысціансэн і француз Кентэн Фіён Мае, якія заваявалі золата і срэбра адпаведна.

Станіслаў Гладчанка выйшаў у фінал лыжнай акрабатыкі на Алімпіядзе

Беларускі фрыстайліст Станіслаў Гладчанка выйшаў у фінал лыжнай акрабатыкі. Наш суайчыннік паказаў дванаццаты вынік у кваліфікацыі. Двое іншых прадстаўнікоў Беларусі не здолелі прабіцца ў фінал. Максім Гусцік стаў 20-м у кваліфікацыі, а Павел Дзік заняў 22-е месца. Фінал адбудзецца 16 лютага і пачнецца а 14-й гадзіне па менскім часе.

Абаронца Аляксандр Анюкевіч падпісаў кантракт з „Нёманам”

Абаронца Аляксандр Анюкевіч падпісаў кантракт з „Нёманам”. Тэрмін пагаднення – адзін год, паведамляе прэс-служба гарадзенскага клуба. Апошнія тры сезоны футбаліст правёў у „Слуцку”, згуляўшы за клуб з Менскай вобласці ў чэмпіянаце 62 матчы. У сезоне 2021 года прыняў удзел у 16 ​​матчах і зарабіў 5 папярэджанняў.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: stoneforest.ru

[manual_related_posts]