Восем узнагарод на турніры ў Лос-Анджэлесе



Беларускія грацыі заваявалі восем медалёў (тры залатыя, два срэбныя і тры бронзавыя) на міжнародным турніры па мастацкай гімнастыцы LA Lights у Лос-Анджэлесе (ЗША), паведамілі ў прэс-службе асацыяцыі гімнастыкі.

У ЗША беларускія спартсменкі выступілі ў новых вобразах і касцюмах, з яркай праграмай. Нацыянальная каманда выступіла мацнейшым складам: Кацярына Галкіна, Аліна Гарнасько, Настасся Салас і Юлія Еўчык.

Галоўнымі саперніцамі беларусак у ходзе спаборніцтваў сталі ўкраінкі. У ЗША выступілі прызёр чэмпіянату свету Улада Нікольчанка, Алёна Дзьячэнка, Вікторыя Анапрыенка, Ева Меляшчук.

У кампазіцыі з абручом лепшыя рэзультаты паказалі Настасся Салас (20,400 бала), Кацярына Галкіна (20,250) і Аліна Гарнасько (19,500). У практыкаванні з мячом лепшай з беларусак стала Аліна Гарнасько (18,800) – трэцяе месца.

Першае месца на турніры Аліне Гарнасько прынёс нумар з булавамі: філігранная тэхніка, шчырыя эмоцыі і „залатая” ацэнка – 22,200 бала. Другая ў гэтым відзе Юлія Еўчык (20,000), трэцяя – Настасся Салас (19,000).

У практыкаванні са стужкай не было роўных украінскім гімнасткам Уладзе Нікольчанка (першае месца), Алене Дзьячэнка і Еве Меляшчук.

У індывідуальным мнагабор’і залаты медаль заваявала Аліна Гарнасько (76,600 бала), срэбра ва Улады Нікольчанка (75,100), бронзавай узнагароды ўдастоена Алёна Дзьячэнка (73,550). Настасся Салас стала пятай (69,750), Кацярына Галкіна на шостым месцы (68,150), Юлія Еўчык – 10-я (63,800).

Наступны вялікі старт у гімнастак – Гран-пры ў Маскве, які пройдзе з 16 па 17 лютага.

belta.by