Беларускі згуляюць з нарвежкамі ў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы



Футбалісткі зборнай Беларусі правядуць сёння, 4 кастрычніка, другі матч адборавага турніру чэмпіянату Еўропы-2021. На полі „Барысаў-Арэны” падапечныя Юрыя Малеева ў другім туры спаборніцтваў у кваліфікацыйнай групе С прымуць адну з наймацнейшых каманд свету Нарвегію. На старце цяперашняга адборавага цыклу нарвежкі разграмілі ў гасцях каманду Паўночнай Ірландыі з лікам 6:0, а беларускі з такім жа вынікам абыгралі ў Барысаве зборную Фарэрскіх выспаў.

Правы крайні БГК імя Мяшкова Мікіта Вайлупаў закінуў „Металапластыку” 20 мячоў у матчы Сеха-лігі

Правы крайні БГК ім. Мяшкова Мікіта Вайлупаў бліснуў звышвыніковай гульнёй у выязным матчы Сеха-лігі супраць „Металапластыка” (33:35). На рахунку беларуса адразу 20 дакладных кідкоў. Дзевяць мячоў Вайлупов закінуў з сяміметровых. 14 з 20 сваіх галоў гандбаліст правёў у другім тайме. У гаспадароў самым выніковым стаў Джукіч, які ўсе свае 15 мячоў закінуў з гульні.

У Лэй – першы кітаец у гісторыі, які забіў у еўракубках

Паўабаронца „Эспаньола” У Лэй забіў у матчы 2-га тура Лігі Еўропы з ЦСКА (2:0). Ён стаў першым кітайцам у гісторыі, які адзначыўся голам у еўракубках. У Лэй – адзіны кітаец ў лігах топ-5 і самы дарагі кітайскі футбаліст паводле версіі Transfermarkt. Ён каштуе 10 млн еўра – гэта самая вялікая лічба для гульцоў з Кітая.

Ілля Салаўёў зарабіў 12-е ачко ў шостым матчы сезону

Абаронца „Сагіно Спірыт” Ілля Салаўёў працягвае дзейсную серыю ў чэмпіянаце хакейнай лігі Антарыа (OHL). У выязным матчы з „Ніагарай” (5:4) беларус зарабіў „асіст” у большасці пры першым узяцці брамкі гаспадароў. У шасці матчах сезона ў актыве Салаўёва 12 ачкоў.

Менскае „Дынама” камандзіравала свайго нападніка ў „Юнацтва”

Форвард менскага „Дынама” Арцём Аносаў камандзіраваны ў „Юнацтва”. Хакеіст зможа ўзяць удзел у матчы супраць „Нёмана”, які адбудзецца 5 кастрычніка ў Гародні. У цяперашнім сезоне КХЛ Аносаў пакуль не дэбютаваў, інфармуе прэс-служба „зуброў”.

Валейбалісты „Шахцёра” і „Будаўніка” разыграюць Суперкубак Беларусі

Суперкубак па валейболе сярод мужчынскіх каманд будзе разыграны сёння, 4 кастрычніка, у Салігорску. На пляцоўцы сустрэнуцца трохразовы чэмпіён Беларусі салігорскі „Шахцёр” і самая тытулаваная каманда краіны апошніх гадоў менскі „Будаўнік”. Суперкубак Беларусі будзе разыграны ў мужчынскім чэмпіянаце ў трэці раз. Матч за ганаровы трафей пройдзе ў Салігорску і пачнецца ў 18:00.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя