Беларускі жаночы экіпаж каноэ-чацвёркі выйграў золата ЧС у Даніі



Беларускі жаночы экіпаж каноэ-чацвёркі ў складзе Алены Наздровай, Надзеі Макарчанкі, Аляксандры Калаур і Вольгі Клімавай выйграў золата чэмпіянату свету ў Даніі на дыстанцыі 500 м. Вынік пераможцаў – 1 хвіліна 48,62 секунды. Байдарачнік Алег Юрэня заняў чевертое месца на дыстанцыі 5000 м. Беларуская каманда заняла па выніках чэмпіянату свету другое месца ў медальным заліку з чатырма залатымі, двума срэбранымі і двума бронзавымі медалямі.

 

Беларускія тэнісісты саступілі аргентынцам ў матчы Кубка Дэвіса

Аргентынскія тэнісісты перамаглі беларусаў з лікам 4:1 у стартавым матчы новага сезона Кубка Дэвіса У заключнай сустрэчы аргентынец Федэрыка Карыяна абыграў Данііла Астапенкава – 6:3, 6:1. У суботу ў першым адзіночным паядынку Данііл Астапенка, які яшчэ не мае ачкоў у рэйтынгу АТР, здолеў сенсацыйна выйграць у двух партыях у лідара аргентынскай каманды 15-й ракеткі планеты Дыега Шварцмана – 6:4, 6:3.

 

Футбалісты „Нёмана” разграмілі „Смаргонь”

Футбалісты гарадзенскага „Нёмана” разграмілі „Смаргонь” ў апошнім матчы 23-га тура чэмпіянату Беларусі. У канцы першай паловы сустрэчы ў Гародні Андрэй Якімаў адкрыў лік, а пасля перапынку Іван Садаўнічы, Аляксандр Джыгера, Раман Джыгера і Антон Сучкоў давялі справу да разгрому – 5:0. У цэнтральным паядынку БАТЭ на поле „Барысаў-Арэны” адолеў дзеючых чэмпіёнаў футбалістаў салігорскага „Шахцёра” – 1:0. Адзіны мяч быў забіты ў пачатку кампенсаванага часу другой паловы гульні, калі адзначыўся узбекскі паўабаронца барысаўчан Шахбоз Умараў. Футбалісты БАТЭ на адно ачко абышлі „Шахцёр” у турнірнай табліцы, але ў салігорскай каманды тры матчы ў запасе. Футбалісты „Гомеля” абыгралі на выездзе „Слуцк” 4:1. Лідар гамяльчан Андрэй Салавей аформіў хет-трык. У Берасці мясцовае „Дынама” нечакана саступіла мазырскай „Славіі” 0:3. Сталічны „Энергетык-БДУ” адолеў ў Жодзіне „Тарпеда-БелАЗ” – 1:0. Менскае „Дынама” на сваёй арэне ўзяло верх над „Іслаччу” – 2:1. Футбалісты „Віцебска” перамаглі гасцей з „Менска” 3:1.

 

Аляксей Шпілеўскі звольнены з нямецкага „Эрцгебірге”

Прэзідэнт клуба „Эрцгебірге” Хэльзэ Леонхарт абвясціў, што Аляксей Шпілеўскі пакінуў пасаду галоўнага трэнера каманды. Ён сказаў пра гэта на прэс-канферэнцыі пасля паразы ад „Падэрборна” 1:4 у матчы 7-га тура другой Бундэслігі. У актыве „Эрцгебірге” усяго тры ачкі і ён займае апошняе месца ў турнірнай табліцы. Шпілеўскі ачоліў нямецкі клуб у чэрвені, падпісаўшы трохгадовы кантракт.

 

„Чэлсі” не прайграе восем матчаў запар

„Чэлсі” абыграў „Тотэнхэм” 3:0 на выездзе ў матчы чэмпіянату АПЛ. Серыя лонданцаў без паразаў дасягнула васьмі гульняў – з улікам фіналу Лігі чэмпіёнаў у мінулым сезоне. Бягучы сезон каманда трэнера Томаса Тухеля пачала з перамогі ў Суперкубку Еўропы. Пасля гэтага „Чэлсі” правёў 6 матчаў, у якіх у 5 перамог і аднойчы згуляў унічыю. Ювентус” і „Мілан” згулялі ўнічыю ў матчы 4-га тура чэмпіянату Італіі – 1:1. „Ювентус” з двума ачкамі ідзе 18-м у табліцы, у „Мілана” 10 балаў і другая пазіцыя. „Рэал” дзякуючы голу Бензема на выездзе перамог „Валенсію” ў матчы 5-га тура чэмпіянату Іспаніі – 2:1. „Рэал” вярнуўся на першае месца ў табліцы, „Валенсія” – трэцяя. „Манчэстар Юнайтэд” быў мацнейшы за „Вест Хэм” 2:1 дзякуючы галам Раналду і Лінгарда, да таго ж лондцанцы не забілі пенальці на 5-й даданай хвіліне гульні. „Барусія” і „Уніан” забілі шэсць мячоў у матчы 5-га тура Бундэслігі, які завяршыўся з лікам 4:2 на карысць дортмундскай дружыны, а Холанд забіў два мяча.

 

Дудзік ўзначаліў маладзёжную і юніёрскую зборныя Турцыі

Былы форвард зборнай Беларусі па хакею і экс-настаўнік моладзевай зборнай Дзмітрый Дудзік ўзначаліў маладзёжную (U-20) і юніёрскую (U-18) зборныя Турцыі. Акрамя таго, ён будзе працаваць у Федэрацыі хакея Турцыі спецыялістам па развіцці. Як паведаміў Дудзік сайту ФХБ, ён прыступіў да абавязкаў з 10 верасня і паспеў правесці з маладзёжнай зборнай Турцыі кароткі трэніравальны збор у Эрзуруме. Маладзёжная зборная Турцыі ў гэтым сезоне рыхтуецца выступіць на чэмпіянаце свету ў дывізіёне III ў Мексіцы, дзе яе супернікамі на папярэднім этапе стануць каманды гаспадароў, Босніі і Герцагавіны і ПАР.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя