Беларускіх трэнераў самба запрасілі працаваць у Беласток



„Найлепшы і найпрыгажэйшы спорт, якім толькі можна займацца, да таго ж выдатна падыходзіць для фізічнага развіцця дзяцей”, – так акрэслівае барацьбу самба кіраўнік беластоцкага спартовага клуба „Бесціос” Марэк Парыцкі.

Каб збудаваць мясцовую школу самба, ён запрасіў вопытных трэнераў з Беларусі.

Беларуская школа самба – найлепшая на свеце альбо роўная з расейскай. Акрамя таго, гэта мае сябры з Беларусі, яны і будуць праводзіць заняткі. Я хацеў, каб гэта былі менавіта яны. Нават з метадычнага пункту гледжання: яны робяць гэта ад самых асноў. І я не ведаю, ці змаглі б мы так метадычна, так ўпарадкавана гэта зрабіць, навучыць.

Георгі Барысевіч і Андрэй Озераў змагаліся і перамагалі яшчэ пры Савецкім саюзе, а зараз гатовыя перадаць свае сакрэты і веды дзецям у Беластоку.

– Цяпер самба развіваецца не вельмі добра. Я лічу, што маю сілы і вопыт, таму магу дапамагчы з развіццём самба. Трэнер – гэта, па-першае, вучні. Калі будць хлопцы, у якіх будуць зіхацець вочы, то і перспектывы будуць.

– У Менску лічылі, што нельга плаціць заробак трэнерам і аплачваць арэнду залы. Таму папросту скарацілі. Мы засталіся без працы. Цяпер нас запрасілі сюды. У Беластоку шмат перспектываў. Калі мы пачнем адраджаць або зараджаць гэты від спорту, то, я думаю, чакаюць вялікія перспектывы.

Асаблівыя надзеі самбісты ўскладаюць на 2024 год. Менавіта на Алімпійскіх гульнях у Парыжы самба могуць уключыць у праграму спаборніцтваў, што дало б вялікі штуршок для развіцця гэтага віда барацьбы, – упэўненыя аматары самба. Падрабязней на гэтую тэму сёння ў перадачы „Мы разам” на нашым радыё ў 18:30 па беларускім часе.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя