Беларускія баскетбалісткі другі раз перамаглі ў кваліфікацыі ЧЕ



Баскетбалісткі зборнай Беларусі дамагліся другой перамогі на старце адборавага турніру жаночага чэмпіянату Еўропы 2023 года.

На пляцоўцы менскага Палаца спорту беларускі адолелі ў авертайме каманду Нідэрландаў з лікам 83:72. Самай выніковай у складзе пераможцаў стала Анастасія Верамеенка, якая набрала 23 ачкі пры 13 падборах і дзвюх перадачах. Чарговыя сустрэчы адбудуцца ў канцы лістапада наступнага года. Зборная Беларусі прыме на сваёй арэне каманду Ірландыі, а таксама ў сябе дома сустрэнецца з чэшскімі баскетбалісткамі.

Зборная Беларусі па міні-футболе выправілася ў Сербію на матч плэй-оф Чэмпіяната Еўропы

Зборная Беларусі па міні-футболе адправілася ў Сербію на першы паядынак плэй-оф за выхад у фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы, які пройдзе ў нідэрландскім Амстэрдаме. На базе ў Ратамцы і сталічным палацы спорту „Уручча” пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Аляксандра Савінцава рыхтаваліся 16 футбалістаў. Большасць з іх выступаюць за «Сталіцу», «Вітэн» і ВРЗ Гомель. Першая гульня пройдзе сёння ў сербскім Крагуевацы,    а матч у адказ – 17 лістапада ў мінскім палацы спорту „Уручча”.

Харваты перамаглі расейцаў і выйшлі ў фінал футбольнага чэмпіянату свету

Футбалісты зборнай Харватыі перамаглі расейцаў на фінішы адборавага турніру і прабіліся ў фінальную стадыю чэмпіянату свету.

У апошнім паядынку кваліфікацыйнай групы Н у Спліце расейскую каманду задавольвала нічыя, але здабыць яе падначаленыя Валерыя Карпіна не здолелі. Доўгі час яны стрымлівалі атакі харватаў, але на 81-й хвіліне гульні пасля чарговай падачы абаронца расійскай зборнай Фёдар Кудрашоў зрэзаў мяч у сваю браму. У выніку харваты выйгралі з лікам 1:0 і заваявалі пуцёўку ў фінал сусветнага першынства. Расейцы занялі другое месца і зараз ім давядзецца прабівацца ў фінальны турнір праз стыкавыя паядынкі. Партугальцы нечакана прайгралі сербам 1:2 – пераможны мяч забіў Мітравіч на 90-й хвіліне гульні. Зборная Партугаліі прыме ўдзел у стыкавых паядынках, а Сербія заваявала пуцёўку на мундыяль.    Зборная Германіі адправіла чатыры мячы ў браму Арменіі 4:1 — Гюндаган адзначыўся дублем. Гол Мараты прынёс іспанцам перамогу ў гульні са шведамі 1:0, а разам з ім і першае месца ў групе ды пропуск на чэмпіянат свету. Шведы згуляюць у стыкавых матчах.

Беларускія самбісты занялі трэцяе месца ў камандным заліку Чэмпіяната свету

Беларускія самбісты занялі трэцяе месца ў камандным заліку чэмпіянату свету, які завяршыўся ва Узбекістане. На іх рахунку восем узнагарод рознай вартасці. У заключны дзень спаборніцтваў, чатырохразовай чэмпіёнкай свету стала Святлана Цімашэнка, якая выступае ў вагавай катэгорыі 80 кг. У фінале яна ўпэўненую перамагла украінку Галіну Кавальскую. Ключом да поспеху стаў болевы прыём.

Хэмілтан стаў пераможцам „Гран-пры Бразіліі”

Пілот каманды „Мэрсэдэс” Льюіс Хэмілтан выйграў „Гран-пры Бразіліі” І абышоў Макса Ферстапэна, святкаваўшы 101-ю перамогу ў кар’еры.
Гоншчык „Рэд Була” застаўся на другім месцы. Трэцім стаў яшчэ адзін прадстаўнік „Мэрсэдэса” Валтэры Ботас. Хэмілтан атрымаў штраф ад сцюардаў Гран-пры Бразіліі Формулы-1 за свае дзеянні пасля фінішу гонкі. На крузе вяртання ў боксы брытанец прыслабіў рамяні бяспекі, каб узяць бразільскі сцяг. Суддзі канстатавалі, што Хэмілтан парушыў правілы бяспекі, і вырашылі прысудзіць яму грашовы штраф у памеры 5 тысяч еўра.