Беларускія баскетбалісткі пакідаюць чэмпіянат свету



Баскетбалісткі зборнай Беларусі прайгралі суперніцам з Кітаю – 67:72 матч 1/8 фіналу чэмпіянату свету ў Турцыі  і не выйшлі ў чвэрцьфінал, завяршыўшы свой выступ на турніры. Беларускі паступова “ўкатваліся” у гульню і спачатку некаторы час былі ў ролі даганяючых. Перахапіўшы ініцыятыву, падначаленыя Рымантаса Грыгаса першую чвэрць завяршылі на сваю карысць з перавагай у адно ачко. На вялікі перапынак беларускі пайшлі, выйграючы ўжо 11 ачкоў. Трэцяя чвэрць у выкананні абедзвюх каманд атрымалася не занадта выніковай, але пасля яе заканчэння перавага зборнай Беларусі вылічалася ажно 13 баламі. Заключная чвэрць атрымалася супрацьлеглай па змесце ўсім астатнім. Азіяцкая зборная пераламала сітуацыю. Кітайкі спачатку здолелі параўняць лік, затым выйшлі наперад і давялі сустрэчу да перамогі. Беларускі ж вельмі няўпэўнена дзеілі ў канцоўцы паядынку, калі адставанне ў ліку яшчэ магчыма было адыграць. Найбольшая колькасць ачкоў у гэтым матчы ў складзе беларускай каманды на рахунку Таццяны Ліхтаровіч – 20.

Беларускае Радыё Рацыя