Беларускія баскетбалісткі прайгралі ў матчах EWBL
У Менску працягваецца чарговы этап спаборніцтваў каманд групы В розыгрышу Еўрапейскай жаночай баскетбольнай лігі.
Усе беларускія каманды напярэдадні пацярпелі паразы. „Цмокi-Мiнск” ва ўпартай барацьбе прайгралі літоўскаму „Кібіркшцісу” з Вільні – 58:62, гарадзенская „Алімпія” саступіла расійскай „Ніцы” з Сыктыўкара – 49:67, а лідары цяперашняга беларускага чэмпіянату спартоўкі „Гарызонта” апынуліся слабей за латвійскі клуб ТТТ з Рыгі — 72:80. У першым матчы мінскага тура баскетбалісткі „Цмокi-Мiнск” прайгралі „Ніцы” 67:72.
Ёханэс Бё выйграў спрынт на этапе Кубка свету ў Оберхофе
Нарвежскі біятланіст Ёханэс Бё выйграў мужчынскую спрынтарскую гонку ў шостым этапе Кубка свету ў нямецкім Оберхофе. Ён не меў асечак на стрэльбішчы і пераадолеў 10 км з двума агнявымі рубяжамі за 24 хвіліны 43,6 секунды. Стурла Легрейд, які заняў другое месца, таксама страляў без промахаў, але саступіў суайчынніку 12,4 секунды. На трэцяй пазіцыі выніковага пратаколу размясціўся немец Арнд Пайфер: яго стральба была дакладнай, аднак выніковы час на 27,9 секунды горшы, чым у Ёханэса Бё. Што да беларусаў, то лепшым з іх стаў Антон Смольскі, які заняў 42-е месца. Яго адставанне – 2 хвіліны 8,2 секунды і 2 промахі на стрэльбішчы.
Ягор Шаранговіч уключаны ў склад „Нью-Джэрсі”
Беларускі нападнік Ягор Шаранговіч трапіў у ростар „Нью-Джэрсі” на сезон 2020/21. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт НХЛ. Апошнім беларусам у НХЛ адзначыўся Міхаіл Грабоўскі. „Нью-Джэрсі” пачне новы сезон НХЛ у ноч з 14 на 15 студзеня матчам з „Бостанам”.
Сербскі форвард „Нёмана” Зоран Марушыч працягне кар’еру ў тбіліскім „Дынама”
Сербскі нападнік Зоран Марушыч працягне кар’еру ў тбіліскім „Дынама”.
Пра гэта паведамляе „Беларускі футбол”. У складзе „Нёмана” сербскі форвард адыграў 27 матчаў, у якіх вызначыўся 10 галамі. Таксама на рахунку Марушыча 4 галявыя перадачы.
Паўабаронца берасцейскага „Дынама” і моладзевай зборнай Беларусі Павел Сядзько блізкі да падпісання кантракту з адным з балгарскіх клубаў. Сезон-2020 ён пачаў у „Руху”, за які забіў 2 галы і аддаў 2 перадачы ў 11 матчах у вышэйшай лізе. Другі круг правёў у берасцейскім „Дынама”, дзе забіў гол і аддаў выніковую перадачу ў 12 паядынках.
Менскае „Дынама” абвясціла аб пераходзе 28-гадовага хаўбека Арцёма Быкава. З 2010 года Быкаў ужо гуляў за менскае „Дынама” з перапынкамі на арэнду ў „Бярозе” і „Мінску”. Усяго ў складзе бела-сініх Быкаў правёў сем гадоў, адыграўшы за гэты час 168 матчаў, забіўшы 15 галоў і аддаўшы 30 выніковых перадач. У 2018 годзе Быкаў стаў гульцом берасцейскага „Дынама”, дзе выступаў да канца сезона-2020.
Суперкубак Іспаніі. „Барселона” толькі ў серыі пенальці адолела „Рэал Сасьедад”
„Барселона” ў серыі пенальці абыграла „Рэал Сасьедад” у паўфінальным матчы Суперкубка Іспаніі – 1:1 у асноўны і даданы час пасля галоў Дэ Ёнга і Оярсабаля з 11-метровага, і 3:2 у серыі пенальці. У фінале „сіне-гранатавыя” сустрэнуцца з пераможцам пары „Рэал” – „Атлетык”.
„Баварыя” ў серыі пенальці прайграла клубу „Хольштайн Кіль” з другой лігі ў матчы 1/16 фіналу Кубка Нямеччыны – 2:2, пенальці – 5:6.
„Ювентус” абыграў „Джэноа” ў матчы 1/8 фіналу Кубка Італіі – 3:2 у дадатковы час. „ПСЖ” абыграў „Марсэль” у фінале Суперкубка Францыі – 2:1 дзякуючы галам Ікардзі і Неймара з пенальці. У матчы 18-га тура чэмпіянату Англіі „Манчэстар Сіці” перамог „Брайтан” з лікам 1:0. Адзіны гол забіў Фодэн на 44-й хвіліне, на 2 дададзенай хвіліне матчу Стэрлінг не рэалізаваў пенальці.
Французскія дзюдаісты перамаглі ў медальным заліку турніру сусветнай серыі „Мастэрс”
Французскія дзюдаісты перамаглі ў медальным заліку турніру сусветнай серыі „Мастэрс”, які завяршыўся ў сталіцы Катара Досе. Прадстаўнікі Францыі выйгралі пяць залатых, адзін срэбраны і адзін бронзавы медаль. На другой пазіцыі медальнага заліку размясціліся атлеты з Рэспублікі Карэя. Замкнулі лік лепшых дружын японскія майстры. На жаль, беларускія спартоўцы на п’едэстал не трапілі.
У паядынках мужчын Беларусь прадстаўлялі Даніэль Мукетэ і Мікіта Свірыд, якія спатыкнуліся ўжо ў першых паядынках. Аляксандр Вахавяк на старце перамог немца Свена Хейнгле, але ў другім паядынку быў вымушаны прызнаць перавагу тытулаванага нідэрландца Хенка Грола, які ў выніку заваяваў бронзу. Што да Марыны Слуцкай, то яна, разабраўшыся з украінкай Лізаветай Каланінай, затым не змагла развіць поспех і прайграла францужанцы Жулі Талафуа.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: belta.by
