Беларускія баскетбалісткі выйшлі ў паўфінал чэмпіянату Еўропы



Баскетбалісткі зборнай Беларусі прабіліся ў паўфінал жаночага чэмпіянату Еўропы. У іспанскай Валенсіі падначаленыя Наталлі Трафімавай перамаглі ў чвэрцьфінальным паядынку каманду Швецыі з лікам 58:46. Самай выніковай у складзе беларусак стала Марыя Папова, якая набрала 18 ачкоў. У матчы за выхад у фінал беларускія баскетбалісткі сустрэнуцца з камандай Францыі, якая ў Страсбургу ўзяла верх над зборнай Босніі і Герцагавіны – 80:67.

 

Зборная Беларусі па пляжным футболе выйграла ў іспанцаў

Зборная Беларусі па пляжным футболе пераможна завяршыла першы этап адборавага турніру чэмпіянату свету ў партугальскім Назарэ. У заключным матчы кваліфікацыйнай групы С падначаленыя іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада адолелі яго суайчыннікаў іспанцаў з мінімальнай перавагай – 4:3.

 

Футбалісты „Іслачы” не змаглі прабіцца ў 1/8 фіналу Кубка Беларусі

Фіналісты менулага Кубка Беларусі футбалісты „Іслачы” не здолелі прабіцца ў 1/8 фіналу новага розыгрышу. У гасцявым паядынку 1/16 фіналу прадстаўнікі Менскага раёна саступілі гомельскаму „Лакаматыву” з першай лігі нацыянальнага чэмпіянату. Асноўны і дадатковы час завяршыўся ўнічыю – 3: 3, а серыю пенальці лепш выканалі гамяльчане – 4: 2.

 

Гомельскі БЧ выйграў бронзу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Спартоўцы гомельскага БЧ сталі ўладальнікамі бронзавых медалёў 32-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У вырашальным паядынку за 3-е месца гамяльчане перайгралі ў Менску „Сталіцу” у серыі пасляматчавых пенальці. У асноўны і дадатковы час супернікі не выявілі пераможцу – нічыя 7: 7. У серыі пенальці поспех быў на баку чыгуначнікаў – 5: 4. Пасля двух матчаў серыі за чэмпіёнскі тытул паміж аршанскім „ВітЭнам” і гомельскім ВРЗ раўнавага. Трэці матч серыі да трох перамог пройдзе сёння, 24 чэрвеня, у Оршы.

 

Сабаленка выйшла ў чвэрцьфінал турніру ў Істбарне

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў чвэрцьфінал турніру ў брытанскім Істбарне. У матчы 1/8 фіналу чацвёртая ракетка свету ўпэўнена перайграла ў двух сэтах амерыканку Элісан Рызк. У паядынку за выхад у паўфінал Арына будзе супернічаць з італьянскай тэнісісткай Камілай Георгі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя