Беларускія баскетбалісткі занялі 4-е месца на чэмпіянаце Еўропы



Баскетбалісткі зборнай Беларусі занялі чацвёртае месца на чэмпіянаце Еўропы. У паядынку за бронзу 38-га жаночага чэмпіянату Еўропы ў іспанскай Валенсіі беларускі прайгралі камандзе Бельгіі з лікам 69:77. Самай выніковай у складзе беларусак стала Анастасія Верамеенка, якая набрала 15 ачкоў. У вырашальным паядынку зборная Сербіі перайграла каманду Францыі з лікам 63:54.

 

Бельгія і Чэхія выйшлі ў чвэрцьфінал Еўра-2020

Зборная Бельгіі абыграла каманду Партугаліі 1:0 у матчы 1/8 фіналу Еўра-2020 у іспанскай Севільі. Адзіны гол на ​​42-й хвіліне забіў Тарган Азар, які трапіў у браму партугальцаў ударам з далёкай дыстанцыі. У другой палове сустрэчы Партугалія паспрабавала зраўняць лік, але масіраваная абарона Бельгіі апынулася не па зубах Раналду і кампаніі, ды і не хапіла шанцавання. У чвэрцьфінале зборная Бельгіі сустрэнецца з Італіяй. У Будапешце гледачы сталі сведкамі сенсацыі. Зборная Чэхіі нанесла паразу камандзе Нідэрландаў з лікам 2:0. Матч спачатку праходзіў з невялікай перавагай „аранжавых”, але іх атакі не ставілі ў тупік абарону супернікаў. На 55-й хвіліне гульні футбалісты Нідэрландаў засталіся ў меншасці пасля выдалення Мацейса дэ Лігта за гульню рукой, і чэшская дружына з поспехам скарысталася перавагай. На 68-й хвіліне Томаш Холеш адкрыў лік, а яшчэ праз 12 хвілін Патрык Шык зняў усе пытанні пра пераможцу. У паядынку за выхад у паўфінал зборная Чэхіі 3 ліпеня ў Баку сустрэнецца з камандай Даніі. Сёння Харватыя і Іспанія ў першым матчы пазмагаюцца ў Капенгагене, а Францыя і Швейцарыя вызначаць пераможцу ў Бухарэсце.

 

БАТЭ разграміў „Тарпеда-БелАЗ” у чэмпіянаце Беларусі

Футбалісты барысаўскага БАТЭ разграмілі жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” з лікам 3:0 у хатнім матчы 14-га тура чэмпіянату Беларусі. У першым тайме сустрэчы на ​​поле „Барысаў-Арэны” гаспадароў вывеў наперад Павел Няхайчык, а пасля перапынку Мікалай Сігневіч і Максім Скавыш яшчэ двойчы засмуцілі брамніка Уладзіміра Бушму. Таксама футбалісты „Іслачы” у Маладэчне згулялі ўнічыю з „Мінскам” – 1:1. У Берасці мясцовы „Рух” з мінімальнай перавагай абыграў „Слуцк” – 1:0. Пераможны мяч на 63-й хвіліне забіў Дзяніс Лапцеў. Заключныя матчы 14-га тура пройдуць сёння: рэчыцкі „Спадарожнік” прыме „Віцебск”, а гарадзенскі „Нёман” згуляе са сталічным „Дынама”.

 

„Вітэн” зраўняў лік у фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Аршанскі „Вітэн” зраўняў лік у фінальнай серыі 32-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе з гомельскім ВРЗ – 2:2. У чацвёртым паядынку серыі да трох перамог аршанцы перамаглі сапернікаў у Гомелі 5:3.  Пяты, вырашальны паядынак за чэмпіёнскі тытул адбудзецца 30 чэрвеня ў Оршы.

Беларусы прайгралі іспанцам у кваліфікацыі чэмпіянату свету па пляжным футболе

Зборная Беларусі па пляжным футболе не прайшла ў фінал кваліфікацыі чэмпіянату свету. У паўфінальным матчы ў партугальскім Назарэ беларусы ва ўпартай барацьбе саступілі гішпанцам з лікам 1:3.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя