Беларускія фехтавальшчыкі не заваявалі алімпійскіх ліцэнзій на турніры ў Мадрыдзе
Беларускія фехтавальшчыкі не заваявалі алімпійскіх ліцэнзій на еўрапейскім кваліфікацыйным турніры, які завяршыўся ў Мадрыдзе. Пропуск на Гульні ў сталіцы Японіі атрымлівалі толькі пераможцы спаборніцтваў. Бліжэй за іншых да запаветнай мэты падабралася Кацярына Пошарнева, якая заняла трэцяе месца ў жаночай шпазе. У аналагічным выглядзе зброі ў мужчын беларус Дзяніс Паўлоўскі заняў 11-е месца ў выніковым пратаколе. У жаночай рапіры Ганна Андрэенка спынілася на пятай пазіцыі ў выніковым пратаколе. Сярод рапірыстаў Раман Бяляеў стаў 15-м. У спаборніцтвах шаблістаў Сяргей Кісель, які прадстаўляў Беларусь, заняў дзявятае месца. Сярод саблістак беларуска Ганна Іванішчэнка стала 10-й. У асабістым першынстве на Гульнях у Японіі выступяць па 34 фехтавальшчыкі ў кожнай дысцыпліне.
Ягор Герасімаў завяршыў выступы на турніры ў Мюнхене
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў завяршыў выступы на турніры ў нямецкім Мюнхене з прызавым фондам 419,5 тысяч еўра. У матчы 1/16 фіналу з аргентынцам Гвіда Пельей беларус прайграў першую партыю з „сухім” лікам 0:6, а ў пачатку другога сэта, саступаючы 0:2, не змог працягнуць гульню. Іншы беларускі тэнісіст Ілля Івашка ў паядынку першага раўнда перайграў у двух сэтах фіна Эміля Русувуоры – 6:1, 6:2.
ВРЗ абыграў „Сталіцу” ў чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе
Гомельскі ВРЗ перамог „Сталіцу” з лікам 3:2 у апошнім матчы 21-га тура чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Сустрэча двух прэтэндэнтаў на медалі на пляцоўцы менскага Палаца спорту „Уручча” атрымалася вельмі напружанай. Першы тайм лепш правялі гамяльчане, якія сышлі на перапынак з камфортнай перавагай 2:0. У другой палове сустрэчы гаспадары зайгралі больш актыўна і здолелі аднавіць парытэт – 2:2. Усё ішло да нічыі, аднак за хвіліну да заканчэння паядынку госці правялі хуткую атаку, у канцоўцы якой гулец менчан Артур Мелканян зрэзаў мяч у сваю браму. Лідар турніру, дзеючы чэмпіён краіны аршанскі „Вітэн” працягнуў сваю пераможную серыю, абыграўшы на сваёй арэне менскае „Дынама-БНТУ” з лікам 6:2. Гэта 21-я вікторыя аршанцаў у 21 праведзеным матчы.
«Лацыё» разграміў «Мілан»
У матчы 33-га тура італьянскай Серыі А «Лацыё» перайграў «Мілан». Сустрэча праходзіла на стадыёне «Алімпіка» ў Рыме і завяршылася з лікам 3:0 на карысць рымскай каманды. На 2-й хвіліне лік адкрыў нападнік «Лацыё» Хаакін Карэа, яму асіставаў форвард Чыра Імобіле. На 45-й хвіліне Мануэль Лацары забіў другі гол, аднак пасля ўмяшальніцтва VAR ён быў адменены. У пачатку другога тайма Карэа аформіў дубль, а ў канцоўцы Імобіле забіў трэці гол рымлян. «Лацыё» у 33 матчах набраў 61 ачко і займае шостае месца ў табліцы італьянскай Серыі А. «Мілан» мае 66 ачкоў і пятае месца.
На стадыёне «Кінг Пауэр» у Лестэры адбыўся заключны матч 33-га тура англійскай Прэм’ер-лігі паміж «Лестэр Сіці» і «Крыстал Пэлас». Сустрэча завяршылася перамогай гаспадароў з лікам 2:1. Падначаленыя Брэндана Роджэрса ў 33 матчах набралі 62 ачкі і займаюць трэцяе месца ў турнірнай табліцы англійскай Прэм’ер-лігі.
Хакеісты „Авангарда” абыгралі ЦСКА ў пятым матчы фіналу Кубка Гагарына
Хакеісты омскага „Авангарда” абыгралі ЦСКА ў пятым матчы фіналу Кубка Гагарына з лікам 2:0. Такім чынам, „Авангард” павёў у фінальнай серыі Кубка Гагарына да чатырох перамог – 3:2. Шосты матч, які можа стаць заключным, адбудзецца ў сераду ў падмаскоўнай Балашысе.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
