Беларускія футбалісты прайгралі азербайджанцам у Лізе нацый



Футбольная зборная Беларусі пацярпела другую паразу ў матчах Лігі нацый, саступіўшы на выездзе камандзе Азербайджана 0:2.

У першым тайме сустрэчы ў Баку падначаленыя Георгія Кандрацьева мелі гульнявую перавагу, аднак усе іх атакі завяршыліся безвынікова. Пасля перапынку гаспадары актывізаваліся і двойчы засмуцілі беларускага брамніка Паўла Паўлючэнку. На 76-й хвіліне гульні Махір Эмерлі адкрыў лік, а незадоўга да фінальнага свістка Раміль Шэйдаеў усталяваў канчатковы лік. Тыдзень таму супернікі сустракаліся ў сербскім Нові-Садзе і тады мячоў не забілі – нічыя 0:0. Такім чынам, падначаленыя Георгія Кандрацьева страцілі нават матэматычныя шанцы на выхад у плэф-оф ЧЕ-2024 і на павышэнне ў рангу праз трапленне ў дывізіён „В”. Усё гэта было б магчыма толькі пры ўмове фінішу на 1-м месцы ў групе. Зборнай Беларусі засталося правесці два гасцявыя паядынкі супраць каманд Казахстана і Славакіі. Футбалісты Казахстана перамаглі славакаў з лікам 2:1 і лідаруюць у групе.

Зборная Францыі пад кіраўніцтвам 53-гадовага Дзідзье Дэшама працягвае няўдалую серыю ў Лізе нацый УЕФА – у хатнім матчы чацвёртага тура яны саступілі Харватыі 0:1. Французы ўжо пазбавіліся шанцаў на абарону тытула ў фінале турніру. Пры гэтым у выпадку паразы ад Аўстрыі ў наступным туры Францыя вылеціць на дывізіён ніжэй – у лігу B.

„Менск” стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Спартоўцы „Менска” ўпершыню сталі прызёрамі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У вырашальным паядынку за бронзавыя ўзнагароды мінчане абыгралі на пляцоўцы сталічнага спарткомплексу МАПІД гарадзенскі клуб „УУС-Дынама” з мінімальнай перавагай  – 3:2. У самым пачатку сустрэчы адзначыліся Ігар Коўшыкаў і Аляксандр Шота, але ўтрымаць перамогу госці не змаглі. Галявы дубль у складзе пераможцаў аформіў Андрэй Семянюк, яшчэ адзін мяч забіў Сяргей Сініцкі.  Серыя за золата 33-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе паміж „Сталіцай” і гомельскім ВРЗ працягнецца ў Гомелі. Мінчане вядуць 2:0 і ў выпадку поспеху ў паядынку заваююць свой чацвёрты чэмпіёнскі тытул.

Андрэй Пракапюк стаў новым трэнерам ФК „Дынама-Берасцет”

Новым галоўным трэнерам футбалістаў берасцейскага „Дынама” стаў Андрэй Пракапюк. Кантракт з 43-гадовым спецыялістам заключаны на адзін год з опцыяй падаўжэння яшчэ на сезон. Інфармацыя аб гэтым размешчана на афіцыйным сайце дынамаўскага клуба. Андрэй Пракапюк змяніў на пасадзе галоўнага трэнера Сяргея Кавальчука. Гэты сезон берасцейскія дынамаўцы пачалі вельмі няўдала: у дзесяці стартавых гульнях яны не атрымалі ніводнай перамогі, чатыры разы згулялі ўнічыю і пацярпелі шэсць паразаў. Набраўшы 4 ачкі, берасцейцы разам з дэбютантам вышэйшай лігі дзяржынскім „Арсеналам” замыкаюць турнірную табліцу. Свой наступны паядынак нацыянальнага першынства брэсцкае „Дынама” правядзе 19 чэрвеня ў гасцях у футбалістаў „Гомеля”, якія займаюць 10-е месца, маючы ў сваім актыве 11 заліковых балаў.

Сасновіч выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Берліне

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч паспяхова стартавала на турніры катэгорыі WTA-500 у Берліне з прызавым фондам 611 тысяч еўра. У матчы 1/16 фіналу адзіночнага разраду беларуска адолела расійскую тэнісістку Анастасію Гасанаву – 6:2, 4:6, 6:3. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 17 хвілін. У другім раундзе суперніцай Аляксандры Сасновіч будзе пераможца матча паміж іспанкай Гарбінье Мугурусай і прадстаўніцай Германіі Андрэа Петкавіч.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]