Беларускія гандбалісткі заваявалі бронзу моладзевага ЧЕ ў другім дывізіёне



Гандбалісткі моладзевай зборнай Беларусі (U-19) заваявалі бронзавыя медалі першынства Еўропы ў другім дывізіёне, які праходзіў у Скоп’е. У паядынку за трэцяе месца падапечныя Валерыя Пяўніцкага перайгралі каманду Фарэрскіх выспаў з перавагай у два галы – 27:25 (13:10). Лепшым гульцом у складзе пераможцаў стала Дар’я Вакуліч, якая закінула 7 мячоў.

Дзмітрый Корабаў перайшоў у маскоўскі „Спартак”

ХК „Салават Юлаеў” і маскоўскі „Спартак” абмяняліся гульцамі. У Уфу перайшоў абаронца Андрэй Зубараў, які з’яўляецца выхаванцам „юлаеўскай” спартшколы, а склад „чырвона-белых” папоўніць беларус Дзмітрый Корабаў. Хакеіст перайшоў у „Салават Юлаеў” перад мінулым сезонам і паспеў правесці за каманду 36 гульняў, у якіх адзначыўся 7 (0+7) набранымі ачкамі пры паказчыку карыснасці „+5”.

Матч „Энергетыка”-БДУ з „Шахцёрам” перанесены па просьбе салігорскага клуба

Матч 17-га тура чэмпіянату краіны паміж „Энергетыкам”-БДУ і „Шахцёрам” адкладзены на больш позні тэрмін. Пра гэта паведамляе прэс-служба „студэнтаў”. Гэты матч перанесены па просьбе „Шахцёра” з-за яго ўдзелу ў еўракубках. Пра новую дату паядынка будзе паведамлена дадаткова. Раней у сувязі з удзелам у кваліфікацыі еўракубкаў „Шахцёр” хадайнічаў аб пераносе матчаў 15-га і 16-га тураў асноўных і дублюючых складаў.

Два медалі выйгралі беларусы ў заключны дзень ЧЕ сярод юніёраў у Эстоніі

Два медалі выйгралі беларускія лёгкаатлеты ў заключны дзень чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў у Эстоніі. У скачках з шастом срэбра выйграў Мацвей Волкаў, які паказаў у лепшай спробе вынік 5м 44см. Пераможцам турніру стаў французскі скакун Антоні Аміраці. Бронзавая ўзнагарода ва ўкраінца Аляксандра Ануфрыева. У спаборніцтвах кідальнікаў дыска ў хлопцаў бронза ў беларуса Уладзіслава Пучко, які адправіў снарад на 61м 6см. З вялікай перавагай перамогу святкаваў Мікалас Алекна. Другое месца заняў немец Магнус Зімерман. Яшчэ адзін беларус Раман Хартановіч стаў чацвёртым.

Беларускае Рады Рацыя