Беларускія гандбалісты прайгралі камандзе Германіі ў першым матчы ЧЕ



Гандбалісты зборнай Беларусі пацярпелі паразу ў стартавым паядынку чэмпіянату Еўропы, які праходзіць на арэнах Венгрыі і Славакіі.
У сваім першым матчы папярэдняй групы D падначаленыя Юрыя Шаўцова ў Браціславе сустракаліся з камандай Германіі і саступілі з лікам 29:33. Самымі выніковымі ў складзе беларускай каманды сталі Мікіта Вайлупаў і Уладзіслаў Кулеш, якія закінулі па 7 мячоў.
У другім паядынку гэтага квартэта гандбалісты Польшчы перамаглі аўстрыйцаў 36:31. Сёння беларусы згуляюць з гандбалістамі Польшчы, а 18 студзеня завершаць першую стадыю турніру матчам са зборнай Аўстрыі.

Беларускія біятланісткі занялі пятае месца ў эстафеце на этапе Кубка свету

Беларускія біятланісткі Ірына Лешчанка, Дзінара Алімбекава, Алена Кручынкіна і Ганна Сола занялі пятае месца ў эстафеце на шостым этапе Кубка свету, які праходзіць у нямецкім Рупольдынгу.
Ірына Лешчанка, якая бегла на першым этапе, выкарыстала адзін дадатковы патрон на двух агнявых рубяжах і перадала эстафету восьмай. Далей у барацьбу ўступіла Дзінара Алімбекава, і яе адрэзак выдаўся уражлівым: Дзінара вывела каманду на першае месца, адыграўшы дэфіцыт у 31 секунду. На стрэльбішчы Алімбекавай таксама спатрэбіўся ўсяго адзін патрон. Алена Кручынкіна на трэцім этапе абышлася без промахаў, аднак да перадачы з прычыны не самай высокай хуткасці апусцілася на трэцяе месца, адстаўшы ад лідэраў на 36 секунд. Ганна Сола, якая закрывала эстафету, адчула сур’ёзныя праблемы на стральбе са становішча лежачы. Беларуска дапусціла чатыры недакладныя стрэлы, што абярнулася адным штрафным кругам і адкатам на сёмы радок. На стойцы Сола прамахнулася яшчэ двойчы, але на апошняй пятлі абыйшла дзвюх саперніц і прынесла камандзе Беларусі выніковае пятае месца.

„Віцебск” перайграў „Гомель” у матчы чэмпіянату Беларусі па хакеі

Хакеісты „Віцебску” на чужым лёдзе перайгралі „Гомель” у чарговым матчы беларускай экстралігі. Сустрэча скончылася з лікам 4:2.
Два іншыя матчы пятніцы завяршыліся з буйной розніцай у ліку. „Лакаматыў” у Оршы не пакінуў шанцаў „Хіміку” – 5:1.
У паралельным матчы „Металург” разграміў „Магілёў” – 6:0.

Адменены хатні матч хакеістаў мінскага „Дынама” супраць рыжан

КХЛ прыняла рашэнне не праводзіць матч паміж мінскім і рыжскім „Дынама”, запланаваны на 23 студзеня, паведамляе прэс-служба „зуброў”. Дадзенае рашэнне прынята Лігай у мэтах зніжэння рызык распаўсюджвання каранавіруса. Аб магчымасці правесці дадзены матч у пазнейшы тэрмін будзе абвешчана дадаткова.

Трэнерскі штаб НФК „Крумкачы” ў поўным складзе пакінуў клуб

Пасля завяршэння тэрміну кантрактаў з футбольным клубам „Крумкачы” расталіся галоўны трэнер Алег Кубараў і яго асістэнты Сяргей Казека, Сяргей Кубараў і трэнер брамнікаў Эдуард Тучынскі, паведамляе афіцыйны сайт „крумкачоў”.
Пад кіраўніцтвам трэнерскага штаба каманда па выніках сезона-2021 заваявала бронзавыя медалі першай лігі і права ўдзельнічаць у стыкавых матчах за выхад у вышэйшую лігу.

Беларускае Радыё Рацыя