Беларускія гандбалісты ўзялі рэванш у Босніі і Герцагавіны



Беларускія гандбалісты ўзялі рэванш у Босніі і Герцагавіны

Гандбалісты зборнай Беларусі дамагліся трэцяй перамогі ў адборавым турніры чэмпіянату Еўропы. Сустрэчу з гандбалістамі Босніі і Герцагавіны ў Тузла падначаленыя Юрыя Шаўцова правялі амаль што без памылак. У сярэдзіне першага тайма беларусы пайшлі ў адрыў і да перапынку выйгравалі з розніцай у 5 мячоў. У другім тайме гаспадары кінуліся ў пагоню, але яна не мела поспеху. Беларусы ўпэўнена перамаглі з лікам 31:25, узяўшы пераканаўчы рэванш за паразу ў Менску ў перым матчы 29:30. У заключным матчы еўракваліфікацыі зборная Беларусі 16 чэрвеня ў берасцейскім Палацы спорту „Вікторыя” прыме фінаў. Чэхі на сваёй пляцоўцы згуляюць з баснійцамі. Турнірнае становішча пасля 5 тураў: Чэхія – 8 ачкоў, Беларусь і Боснія і Герцагавіна – па 6, Фінляндыя — 0 ачкоў. У фінальную стадыю кантынентальнага першынства выйдуць па дзве лепшыя дружыны з васьмі кваліфікацыйных квартэтаў, а таксама чатыры лепшыя каманды, якія занялі трэція месцы.

Валейбалісты Беларусі разграмілі фінаў і рвуцца ў «Фінал чатырох»

Мужчынская зборная Беларусі па валейболе выйграла ў гасцях у Фінляндыі з лікам 3:0 у залатой Еўралізе. Каманда пад кіраўніцтвам Віктара Бекшы сустрэла сур’ёзны супраціў сапернікаў, якія вызначыліся добрай гульнёй у абароне. У першым сэце фіны вялі ў ліку, і толькі пад заслону партыі лідары нападу беларусаў змаглі перахапіць ініцыятыву. Госці дзейнічалі паспяхова і на блоку. Лепшымі па статыстыцы ў беларусаў сталі Сяргей Бусел (13 ачкоў), Вячаслаў Шмат і Радзівон Міскевіч (па 10 балаў). У групе С Беларусь набрала 12 ачкоў у 5 матчах і лідыруе, Украіна мае 10 ачкоў, Чэхія – 8 і Фінляндыя – 0. У шостым туры Еўралігі 15 чэрвеня згуляюць Фінляндыя – Чэхія, а Украіна прыме ў Запарожжы Беларусь. Пераможца групы выйдзе ў „Фінал чатырох” турніру, які пройдзе 21-22 чэрвеня ў Эстоніі.

Бронзы Барысевіч і Дубіцкай на турніры ў Фінляндыі

У фінскім Турку на Гульнях памяці Паава Нурмі Дар’я Барысевіч фінішавала трэцяй у бегу на 1500 метраў з часам 4 хвіліны 6,5 секунд, што ў дакладнасці адпавядае кваліфікацыйнаму нарматыву для ўдзелу ў чэмпіянаце свету, які пройдзе з 27 верасня па 6 кастрычніка ў сталіцы Катара Досе. Мінчанка некалькі дзясятых саступіла Віні Маньёндзе з Уганды і эфіопцы Фантом Ворку. Яшчэ адзін трэці прыз дастаўся Алене Дубіцкай ў штурханні ядра — яе вынік 18 метраў 48 сантыметраў. Беларуску апярэдзілі амерыканка Чэйз Ілей – 19,38 і ямайка Дэніэл Томас-Дод – 19 метраў 3 сантыметры. У кіданні молата першынствавала алімпійская чэмпіёнка з Польшчы Аніта Владарчык — 75 метраў 61 сантыметр.

Лапко вылецела ў першым раўндзе турніру ў Нотынгеме

Беларуская тэнісістка 103-і нумар сусветнага рэйтынгу Вера Лапко прайграла ў першым раўндзе турніру ў брытанскім Нотынгеме з прызавым фондам 250 тысяч даляраў. У матчы 1/16 фіналу беларуска сустракалася са 159-й ракеткай планеты брытанкай Хэрыет Дарт і саступіла – 6: 7 (7: 9), 6:3, 3:6. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 26 хвілін.

Кубараў узначаліў аўтсайдара чэмпіяната Латвіі

Беларускі спецыяліст Алег Кубараў узначаліў латвійскую „Елгаву”.

На гэтай пасадзе Кубараў змяніў Мар’яна Пахара. Прэс-служба каманды адзначае, што ў штаб ўвойдуць яшчэ тры беларускія трэнеры.

„Елгава” на дадзены момант замыкае табліцу чэмпіянату Латвіі, у актыве каманды 13 ачкоў у 14 турах. Апошнім месцам працы беларуса была „Рыга”, якой спецыяліст кіраваў усяго месяц.

«Сэнт-Луіс» выйграў свой першы Кубак Стэнлі

„Сэнт-Луіс” на выездзе перамог „Бостан” з лікам 4:1 у сёмым матчы фіналу плэй-оф Нацыянальнай хакейнай лігі і ўпершыню заваяваў Кубак Стэнлі. „Блюз” выйгралі серыю — 4-3. У пераможцаў шайбы закінулі Раян О’Райлі, Алекс Пьетранджэла, Брэйдэн Шэн і Закарыя Санфард. У складзе прайграўшых вызначыўся Мэт Гжэльчык. У плэй-оф „Сэнт-Луіс” абыграў па чарзе „Вініпег”, „Далас” і „Сан-Хасэ”.

Беларускае Радыё Рацыя