Беларускія гандбалісты выйшлі ў фінальную частку ЧЕ



Мужчынская гандбольная зборная Беларусі датэрмінова забяспечыла сабе пуцёўку ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы. У чарговым матчы адбору каманда Юрыя Шаўцова разграміла ў гасцях у горадзе Краёва румынскую дружыну – 32:22. Такім чынам беларусы ўзялі пераканаўчы рэванш за паразу ад Румыніі дома на старце турніру.

Зборная Беларусі выступала на гэты раз у такім складзе: брамнікі Мацкевіч і Салдаценка, палявыя гульцы Броўка (3 мячы), Кулеш (3), Бабічаў, Пухоўскі (7 – лепшы снайпер сярод беларусаў у гэтай сустрэчы), Дзяніс Рутэнка (4), Шумак, Юрынок (2), Баранаў, Карвацкі (4), Падшывалаў, Каралёк (6), Цітоў, Кулак (1), Гайдучэнка (2).

Пасля 5 тураў Беларусь набрала 7 ачкоў. Столькі ж мае і Сербія. У бліжэйшую нядзелю гэтыя зборныя аспрэчаць у Менску першае месца ў групе. Румынія з 4 ачкамі засталася на 3-ім месцы. Польшча, якая замыкае табліцу, набрала 2 пункты і не трапіць у фінальны розыгрыш.

Беларускае Радыё Рацыя