Беларускія хакеісты выйгралі ў аўстрыйцаў на Турніры чатырох нацый



Зборная Беларусі па хакеі з перамогі пачала выступы на Турніры чатырох нацый, які праходзіць у Славеніі. Беларуская каманда выйграла ў авертайме – 3:2. Пераможнай апынулася шайба Міхаіла Кавалёва. У асноўны час адзначыліся Іван Драздоў і Данііл Бокун. На турніры чатырох нацый у латвійскай Елгаве моладзевая зборная Беларусі  абыграла супернікаў з Аўстрыі 4:1. Хакеісты юніёрскай зборнай Беларусі абыгралі нямецкіх аднагодкаў 5:0 на турніры чатырох нацый у славацкіх П’ешцянах.

Беларускія баскетбалісткі перамаглі на старце кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы

Баскетбалісткі зборнай Беларусі паспяхова пачалі выступы ў адборавым турніры чэмпіянату Еўропы 2023 года. У паядынку першага тура кваліфікацыйнай групы I беларускі ўпэўнена перайгралі ў Празе каманду Чэхіі з лікам 66:60. Самай карыснай у складзе беларускай каманды стала Марыя Папова, у актыве якой 25 ачкоў, 4 падборы і 3 перадачы. Анастасія Верамеенка набрала 17 ачкоў, у Таццяны Ліхтаровіч 12 балаў.
Пасля вяртання з чэшскай сталіцы беларускі ў другім туры 14 лістапада ў мінскім Палацы спорту сустрэнуцца са зборнай Нідэрландаў.

Італьянскія рэферы будуць судзіць матч Уэльс – Беларусь

УЕФА прызначыў арбітраў на чарговыя матчы адборавага турніру чэмпіянату свету-2022. Заключную сустрэчу зборнай Беларусі ў кваліфікацыйнай групе Е з камандай Уэльса будзе судзіць брыгада італьянскіх арбітраў. Яе ўзначаліць Маўрыцыа Марыяні. Сустрэча пройдзе заўтра ў Кардыфе. У гэты ж дзень лідары групы бельгійцы прымуць у Бруселі эстонцаў і ў выпадку перамогі гарантуюць сабе выхад у фінал чэмпіянату свету. Напярэдадні расейскія футбалісты разграмілі кіпрыётаў 6:0. Яшчэ адзін фаварыт групы зборная Харватыі не пакінула каменя на камені ад каманды Мальты – 7:1. Адзін з аўтсайдараў групы B зборная Грузіі ў Батумі нечакана абыграла Швецыю з лікам 2:0. Дублем у складзе грузінскай каманды вызначыўся форвард „Рубіна” Хвіча Кварацхелія. Яшчэ адзін фаварыт Іспанія ў Афінах дзякуючы пенальці абыграла грэкаў 1:0 і ў матчы са Швецыяй можа заваяваць выхад на чэмпіянат свету – іспанцам дастаткова нічыёй. У групе J футбалісты Германіі, якія ўжо забяспечылі сабе пуцёўку ў фінальную стадыю сусветнага першынства, разграмілі каманду Ліхтэнштэйна 9:0. Томас Мюлер і Лерой Санэ аформілі па дублю.

Бразілія мінімальна выйграла ў Калумбіі


У Сан-Паўлу ў матчы адборачнага цыкла групавой стадыі да ЧС-2022 Бразілія прымала на хатнім полі Калумбію. Сустрэча завяршылася перамогай гаспадароў з мінімальным лікам 1:0. Аўтарам адзінага забітага мяча стаў 24-гадовы паўабаронца бразільскай зборнай Лукас Пакета, якому асіставаў Неймар. Бразільцы павялічылі сваю бяспройгрышную серыю да 7 матчаў. Яны застаюцца на першым месцы ў групе, набраўшы 34 ачкі ў 12 сустрэчах.

Беларускае Радыё Рацыя