Беларускія «пляжнікі» абыгралі швейцарцаў



Зборная Беларусі па пляжным футболе святкавала другую перамогу ў суперфінале Еўралігі ў партугальскім Фігейра-да-Фош.

У паядынку з камандай Швейцарыі беларусы некалькі разоў саступалі, але ў выніку вырвалі перамогу з лікам 6:5.  У першым туры беларускія футбалісты перайгралі расейцаў у серыі пенальці – 5:4. Сёння беларусы завершаць першы этап матчам з іспанцамі, якія на старце перамаглі швейцарцаў – 9:8.

„Зубры” прайгралі чарговы матч у КХЛ

Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі „Сочы” ў гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ з лікам 4:5. На 4-й хвіліне „зубры” атрымалі колькасную перавагу, якую рэалізаваў Андрэй Сцяпанаў. Праз 5 хвілін ужо гаспадары гулялі ў большасці, і Сяргей Шмялёў аднавіў раўнавагу.

У пачатку другога перыяду ён жа вывеў сочынцаў наперад, але госці не палі духам, і спачатку Алег Явенка зраўняў лік, а потым Франсіс Парэ закінуў трэцюю шайбу ў брамку Дзмітрыя Шыкіна. Аднак сысці на другі перапынак у ролі лідараў „зубрам” не ўдалося: на 36-й хвіліне Морган Эліс зноў аднавіў парытэт – 3:3. У заключным перыядзе гаспадары вызначыліся яшчэ двойчы, а менчукі змаглі адказаць шайбай Цеему Пулкінена. Наступны матч падначаленыя Крэйга Вудкрафта правядуць у Маскве супраць мясцовага „Спартака”.

Першая параза „Юнацтва” ў Лізе чэмпіёнаў

„Юнацтва” саступіла „Лазане” ў выязным матчы групавога раўнду Лігі чэмпіёнаў – 2:3. Менчукі пацярпелі першую паразу ў цяперашнім розыгрышы і страцілі першае месца ў пуле. 8 верасня „Юнацтва” згуляе з „Оцэларжы” на выездзе.

Сілкіна выйграла ліцэнзію на Алімпіяду

Беларускія спартоўкі заваявалі два залатыя медалі на чэмпіянаце свету па сучасным пяцібор’і, які праходзіць у Будапешце. У асабістым першынстве на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўзнялася беларуска Вольга Сілкіна, набраўшы 1368 балаў. Тым самым яна заваявала алімпійскую ліцэнзію. Беларускі Анастасія Пракапенка, Ірына Прасенцова і Вольга Сілкіна таксама паднялася на верхнюю прыступку п’едэстала гонару па выніках каманднага турніру.

Герман прыбегла 11-й на этапе «Брыльянтавай лігі»

Беларуская спартоўка Эльвіра Герман, выступаючы ў бегу на 100 м з бар’ерамі, стала сёмай на фінальным этапе „Брыльянтавай лігі”, які прайшоў у Брусэлі. Беларуска паказала вынік – 13,12 секунды. Першай перасекла фінішную рысу спартоўка з Ямайкі Даніэль Уільямс (12,46 сек.).  Яшчэ адна беларуска Карына Демідзік у скачках у вышыню заняла 11-е месца з вынікам 1 метр 85 сантыметраў.

Сабаленка згуляе супраць Азаранкі

Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка ў пары з бельгійкай Элізэ Мёртэнс адолелі амерыканак Кэралайн Доулхайд і Ваню Кінг у паўфінале адкрытага чэмпіянату ЗША – 4:6, 6:3, 6:4. Сабаленка і Мёртэнс адыгралі 16 брэйк-пойнтаў і зарабілі ўсяго на 6 ачкоў больш, чым суперніцы. У матчы за трафей на US Open і 740 тысяч даляраў у якасці прызавых беларуска-бельгійскі дуэт будзе супернічаць з Вікторыяй Азаранкай і Эшлі Барці, якія ў іншым паўфінале лёгка справіліся з супрацівам Аляксандры Сасновіч і Вікторыі Кужмавай – 6:0, 6:1.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота beachsoccer.ru

[manual_related_posts]