Беларускія „пляжнікі” прабіліся на Чэмпіянат свету



Зборная Беларусі ўпершыню выйшла ў фінальную частку Чэмпіянату свету па пляжным футболе. Напярэдадні беларусы абыгралі Італію ў кваліфікацыі ЧС. Лік у матчы, які праходзіў у маскоўскіх Лужніках быў адкрыты ў другім перыядзе пасля дакладнага ўдару Алега Гапона. Італьянцы яшчэ да перапынку выйшлі наперад – 2: 1, а на 28-й хвіліне Сімонэ Марынай павялічыў перавагу «Скуадра адзурры» – 3:1. Тым не меньш зборная Беларусі паспела зраўняць лік за 2 секунды да канца асноўнага часу матча, калі дакладны ўдар са штрафнога выканаў Ілля Савіч. Авертайм завяршыўся безвынікова. А ў серыі пенальці поспех быў на баку беларусаў. Шмат што залежала ад зыходу матчу Партугалія -Польшча, які завяршыўся перамогай пірэнейцаў – 8: 3. Гэты вынік гарантаваў выхад у фінальную частку чэмпіянату свету беларусам.

«Шахцёр» абыграў дацкі «Эсб’ерг»

Футбалісты салігорскага «Шахцёра» на сваім полі абыгралі дацкі «Эсбʼерг» у першым матчы другога кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы з лікам 2: 0. Беларуская каманда дамінавала на працягу ўсёй гульні. Першы гол «гарнякі» правялі ўжо на пятай хвіліне. Хаўбек «Шахцёра» Эліс Бакай ударам са штрафнога адправіў мяч пад нагамі гульцоў суперніка ў сценцы. Падвоіць перавагу салігорцам удалося ў другім тайме пасля розыгрышу кутавога. На перадачу ўсё таго ж Бакая адгукнуўся на блізкай штанзе абаронца Павел Рыбак і галавой пераправіў мяч у браму. Матч у адказ каманды правядуць у Даніі 1 жніўня.

Марфушкін скокнуў на «бронзу»

Лёгкаатлет Дзмітрый Марфушкін заваяваў бронзавы медаль у скачках з шастом на XV летнім Еўрапейскім юнацкім алімпійскім фестывалі ў Баку. У сваёй лепшай спробе ён пераадолеў вышыню на адзнацы 4 м 80 см з першага разу. Другое месца заняў фінскі атлет Юха Аласаарв – 4 м 90 см, а чэмпіёнам алімпійскага фестывалю стаў Энтані Аміраці з Францыі – 4 м 95 см. Бронзавы медаль Дзмітрыя Марфушкіна дзявяты ў зборнай Беларусі ў Баку. Раней восем узнагарод (дзве залатыя і шэсць бронзавых) заваявалі прадстаўнікі барацьбы. У сектары для кідання молата беларуска Марыёла Букель заняла чацвёртае месца з вынікам 68 м 85 см.

Маціяс адмовіўся ад грошаў за бой з памерлым Дадашавым

Пуэрторыканскі баксёр Сабыэль Маціяс адмовіўся ад ганарару за бой з памерлым расейцам Максімам Дадашавым. Па словах прадстаўніка баксёра, Маціяс заявіў, што яму не патрэбныя гэтыя грошы. Ганарар забой павінен быў скласці 75 тысяч даляраў. Бой Дадашава і Маціяса адбыўся 20 ліпеня. Расеец саступаў на працягу ўсяго бою, а ў фінальных раўндах прапусціў шэраг дакладных цяжкіх удараў. Пасля 11-га раўнда каманда Максіма спыніла сустрэчу. Ужо пасля бою расейцу стала дрэнна, і ён быў шпіталізаваны. Усе намаганні лекараў не дапамаглі выратаваць жыццё Дадашаву. Спартоўцу было 28 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя