Беларускія плыўцы ў камбінаванай эстафеце на ЧС заваявалі алімпійскую ліцэнзію



Беларускія атлеты ў змяшанай камбінаванай эстафеце 4×100 м на чэмпіянаце свету па плаванні, які праходзіць з 21 па 28 ліпеня ў Кванджу, заваявалі ліцэнзію на Алімпіяду-2020 у Токіо. Беларуская каманда ў складзе Мікіты Цмыга, Іллі Шымановіча, Анастасіі Шкурдай і Аксаны Дзямідавай паказалі дзявяты вынік. Для атрымання пуцёўкі ў Токіо неабходна было трапіць у лік 12 наймацнейшых каманд. Ілля Шымановіч у фінале чэмпіянату свету па плаванні на дыстанцыі 50 м брасам стаў пятым. Золата ў спартоўца з Вялікабрытаніі Адама Піці.

Аляксандр Кітараў прадоўжыў кантракт з ХК „Дынама-Мінск”

Нападаючы Аляксандр Кітараў падпісаў гадавы кантракт з хакейным клубам „Дынама-Менск”, паведамілі ў прэс-службе „зуброў”. У мінулым рэгулярным чэмпіянаце КХЛ нападнік згуляў у 53 паядынках, у якіх адзначыўся сямю баламі.

Уладзімір Ігнацік прайграў 444-й ракетцы свету ў другім раўндзе

У матчы другога раўнда на грунтавым турніры серыі ATP Challenger Tour ў Празе (прызавы фонд – 46 600 еўра) беларускі тэнісіст Уладзімір Ігнацік (N 258 АТП) пацярпеў паразу ад немца Петэра Хэлера (444) з лікам 1:6, 4:6.

Аляксандра Сасновіч рассталася з асабістым трэнерам Уладзімірам Плаценікам

Трэцяя ракетка Беларусі Аляксандра Сасновіч (N 42 ВТА) прыняла рашэнне расстацца з асабістым настаўнікам Уладзімірам Плаценікам. Славацкі спецыяліст раней трэніраваў Дамініку Цыбулкаву, Белінду Бенчыч і Дар’ю Касаткіну, пачаў працаваць з беларускай у красавіку. Пакуль Сасновіч будзе рыхтавацца пад кіраўніцтвам ранейшага настаўніка Аляксандра Ленючова. Беларуска ў сямі апошніх матчах атрымала сем паразаў.

Паўабаронца Кірыл Кірыленка пакінуў БАТЭ і прыбыў у размяшчэнне львоўскіх „Карпат”

18-гадовы паўабаронца Кірыл Кірыленка пакінуў БАТЭ, дзе выступаў, у асноўным, за дубль, і зараз спрабуе працаўладкавацца ва Украіне. Зараз беларускі футбаліст знаходзіцца ў Львове і трэніруецца ў размяшчэнні „Карпат”.

„Тарпеда”-БелАЗ заключыла кантракт з расейскім абаронцам Міхаілам Мішчанкам (1989 г.н.). Пра гэта паведамляе сайт клуба.

Беларускае Радыё Рацыя