Беларускія шахматысты заваявалі 5 медалёў на юнацкім ЧЕ ў Рызе



Беларускія шахматысты заваявалі 5 медалёў на юнацкім чэмпіянаце Еўропы ў Рызе, паведамілі ў прэс-службе федэрацыі гэтага віду спорту.

Залатую ўзнагароду заваявала Кацярына Зубкоўская. Набраўшы 7,5 ачкоў з дзевяці магчымых, Каця стала пераможцай першынства Еўропы сярод дзяўчынак да 8 гадоў, а ў ліпені бягучага года – чэмпіёнкай свету ў Менску ў сваёй узроставай катэгорыі.

Сярэбраны медаль сярод дзяўчат да 16 гадоў у лідара нацыянальнай зборнай Беларусі магіляўчанкі Вольгі Бадзелька. Сярод юнакоў да 16 гадоў Вячаслаў Зарубіцкі з Оршы падняўся на трэцюю прыступку п’едэстала гонару. Бронзавых медалёў ўдастоіліся брэстаўчанка Аляксандра Тарасенка (дзяўчынкі да 12 гадоў) і мянчук Арцём Бяляўскі (хлопчыкі да 10 гадоў).

„Серыя паспяховых выступленняў беларускіх шахматыстаў (нядаўняя перамога Кірылы Ступака і трэцяе месца Аляксея Аляксандрава на буйным турніры ў Санкт-Пецярбургу; заваёва Кубка Міхаіла Батвінніка, які прывезлі ў Мінск лідар нацыянальнай зборнай Уладзіслаў Кавалёў з камандай юных шахматыстаў; срэбра першага нумара беларускіх жаночых шахмат Вольгі Бадзелькі) ўсяляе аптымізм перад Сусветнай шахматнай Алімпіядай „, – адзначыла старшыня Беларускай федэрацыі шахмат Анастасія Сарокіна.

У чэмпіянаце Еўропы ў Рызе прынялі ўдзел больш за тысячу юных шахматыстаў з 47 краін.

zviazda.by