Беларускія таэквандысты выйгралі 4 узнагароды на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы



Беларускія таэквандысты выйгралі чатыры ўзнагароды на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы, які завяршыўся ў Сараеве (Боснія і Герцагавіна). Найбольшага поспеху дабіўся Максім Бандарэвіч, які выступаў у вагавой катэгорыі 59 кг. Ён стаў сярэбраным прызёрам турніру. Таксама на рахунку беларускай каманды тры бронзавых медалі. Іх заваявалі Кірыл Дудараў (68 кг), Віталь Лазута (63 кг) і Валерыя Смычкова (52 кг). Такім чынам беларусы занялі 13-е месца ў медальным заліку спаборніцтваў. Першую тройку наймацнейшых па якасці заваяваных узнагарод склалі юніёры з Расеі, Харватыі і Турцыі.

Арына Сабаленка не выйшла ў паўфінал выніковага турніру WTA

Беларуска Арына Сабаленка не здолела прабіцца ў паўфінал выніковага турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). У трэцім туры папярэдняга квартэта „Чычэн-Іца” другая ракетка планеты ўступіла грачанцы Марыі Сакары (6-ы нумар сусветнага рэйтынгу) – 6:7 (1:7), 7:6 (8:6), 3:6. У апошнім паядынку папярэдняй групы „Тэатыўакан” іспанская тэнісістка Гарбінье Мугуруса перамагла эстонку Анет Кантавейт (8). Такім чынам, у першым паўфінальным матчы паміж сабой сустрэнуцца дзве іспанкі – Бадоса і Мугуруса, а затым Кантавейт згуляе супраць Сакары.

Кіраўнік федэрацыі Францыі прынёс прабачэнні за інцыдэнт з гімнам Беларусі

В.а. прэзідэнта федэрацыі хакея Францыі П’ер-Іў Жэрбо прынёс прабачэнні за інцыдэнт, які здарыўся пасля заканчэння матча Беларусь – Францыя (6:3) у матчы „Турніру чатырох нацый” у славенскім Ясеніцы. Пасля фінальнай сірэны французскія хакеісты пакінулі пляцоўку, не дачакаўшыся гімна Рэспублікі Беларусь і ўзнагароджання пераможцаў.

«Такое рашэнне не адлюстроўвае нашыя каштоўнасці, і ад імя Федэрацыі хакея Францыі я б хацеў прынесці нашыя прабачэнні. Павага з’яўляецца адной з фундаментальных каштоўнасцей нашага спорту, і мы не дазволім, каб такія паводзіны засталіся без увагі.

Я веру ў тое, што выдатныя адносіны, усталяваныя з Федэрацыяй хакея Беларусі, працягнуцца, і з нецярпеннем чакаю новых сустрэч на лёдзе!», – прыводзіць словы Жэрбо прэс-служба ФХБ.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя