Беларускія тэнісісткі перамаглі дружыну Нідэрляндаў



Беларуская жаночая тэнісная дружына ў Менску перамагла каманду Нідэрляндаў. Пасля першага дня спабору лік у матчы быў 1:1. У нядзельных адзіночных матчах дамінавалі беларускі, якія датэрмінова дамагліся агульнай вікторыі.

Спярша лідар зборнай Аляксандра Сасновіч не пакінула аніякіх шанцаў Кікі Бертэнс. Беларуска, толькі 128-я ракетка свету, упэўнена перамагла 24-ю ў сусветным рэтынгу ў двух сетах – 6:3, 6:4. Тым самым Сасновіч прынесла другое ачко камандзе.

Наступнымі на корт выйшлі маладая Арына Сабаленка і вельмі спрактыкаваная Міхаэла Крайчэк. Беларуска яшчэ напярэдадні пакінула вельмі добрае ўражанне і на роўных змагалася з Бертэнс. А ў нядзелю яна дамаглася пакуль найбольш важнай вікторыі ў сваёй кар’еры. Сабаленка перамагла суперніцу з Нідэрляндаў у двух партыях – 7:6 (7:5 на тай-брэку), 6:4. Такім чынам агульны лік стаў 3-1 на карысць Беларусі, якая датэрмінова вырашыла зыход паядынку.

У парнай сустрэчы, якая ўжо ні на што не ўплывала Вольга Гаварцова і Вера Лапко перамаглі сваіх галяндскіх апанентак Сіндзі Бургер і Аранчу Рус таксама ў двух сетах – 6:4, 6:2. Зборная Беларусі перамагла 4-1, упершыню ў гісторыі адолеўшы каманду Нідэрляндаў.

Беларусь выйшла ў паўфінал тэніснага Кубку федэрацыі, дзе сустрэнецца з камандай Швайцарыі ці Францыі.

Пазней стала ведама, што зборная Швайцарыі перамагла на сваёй пляцоўцы францужанак. А гэта азначае, што Беларусь будзе прымаць у красавіку швайцарак на родным корце ў Менску. У складзе каманды прадстаўніц краіны гадзіннікаў і сыроў гуляюць такія тэнісісткі як Цімі Бачынскі (16-я ракетка свету) і Белінда Бенчыч (81-ы нумар). У Беларусі ж ёсць патэнцыйны рэзерв у асобе Вікторыі Азаранкі, якая неўзабаве вернецца да выступаў у турнірах і, нягледзячы на перапынак з-за цяжарнасці і родаў, займае ў класіфікацыі высокае 19-е месца.

Беларускае Радыё Рацыя