Беларускія валейбалісткі з паразы пачалі выступы ў фінальнай частцы ЧЕ-2021



Беларускія валейбалісткі з паразы ад італьянак пачалі выступы на чэмпіянаце Еўропы – 0:3. Да сярэдзіны першага сэта гульня ішла практычна на роўных. Бліжэй да канцоўцы адрэзка матчу італьянкі паменшылі колькасць уласных памылак і змаглі забяспечыць сабе камфортны адрыў у ліку. Каманда Станіслава Салікава спрабавала змяніць сітуацыю, аднак поспех святкавалі суперніцы. У беларусак па шэсць балаў набралі Надзея Уладыка і Ганна Клімец. Наступным апанентам беларусак стане дружына Харватыі. Матч пройдзе сёння, 21 жніўня. Пачатак сустрэчы запланаваны на 18.00 па менскім часе.

Аліна Нікіценка выйграла бронзу юніёрскага чэмпіянату свету ў кіданні дыска

Вынік беларускай спартоўкі – 51 метр 47 сантыметраў. Самай выніковай для яе стала трэцяя спроба. Вікторыю святкавала расейка Віялета Ігнацьева, якая выступала ў нейтральным статусе, – 57 метраў 84 сантыметры.

Менскі СКА прайграў польскаму «Кельцэ» у перадсезонным гандбольным турніры

У Маскве завяршыўся перадсезонны гандбольны турнір. У фінале згулялі менскі СКА і польскі «Кельцэ». Маладая беларуская каманда дала бой знакамітаму суперніку. Вырашальны паядынак завяршыўся на карысць «Кельцэ» з лікам 35:33. Перад стартам новага сезону гэты турнір стаў для СКА выдатнай праверкай сіл. Раней у Маскве менчукі перамаглі гаспадароў спаборніцтваў ЦСКА, а таксама «Пермскіх мядзведзяў».

„Дынама” падпісала абаронцаў з Чэхіі і Швецыі

У хакейным менскім „Дынама” будуць гуляць абаронцы з Чэхіі і Швецыі. Падпісаныя кантракты з Якубам Крэйчыкам і Антонам Ліндхальмам.

Крэйчыку 30 гадоў, мінулы сезон ён правёў у фінскім „Ёкерыце”, у 45 матчах набраў 17 (5+12) ачкоў. У складзе зборнай Чэхіі выйграваў бронзавыя медалі чэмпіянату свету. Ліндхальму 26 гадоў. Мінулы сезон правёў у АХЛ, дзе за „Рокфард” у 16 матчах набраў 3 (1+2) ачкі. Мае вопыт гульні ў НХЛ, дзе згуляў 66 матчаў, а таксама выступаў за зборную Швецыі.

„Віцебск” у гасцях абыграў „Слуцк” — 2:1

„Віцебск” у гасцях абыграў „Слуцк” — 2:1 у стартавым матчы 20-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе. Жуліо Сезар адкрыў лік на 6-й хвіліне, на 72-й Глеб Расадкін забіў другі гол „Віцебска”. Юрый Клачкоў на 83-й хвіліне адыграў адзін гол. Іншыя матчы тура пройдуць у выходныя.

«ПСЖ» без Месі, Неймара і Рамаса абыграў „Брэст”

«Пары Сэн-Жэрмен» сустрэўся з «Брэстам» у гасцявым матчы 3-га тура французскай Лігі 1 і перамог з лікам 4:2. Характэрна, што за «ПСЖ» не згулялі зорныя пачаткоўцы – Ліянэль Месі, Серхіа Рамас і Джанлуіджы Донарумма. Таксама матч прапусціў адзін з лідараў каманды Неймар. «ПСЖ» адкрыў лік у матчы на 23-й хвіліне, аўтарам гола стаў Андэр Эрэра. На 36-й хвіліне Кіліан Мбапэ падвоіў перавагу парыжан. На 42-й хвіліне «Брэст» адыграў адзін мяч. На 73-й хвіліне Ідрыс Гее зноў вярнуў «ПСЖ» ўпэўненую перавагу ў два галы. Далей «Брэст» зноў скараціў адставанне. Але апошняе слова ў матчы засталося за парыжанамі – на 1-й даданай да гульнявога часу хвіліне забіў Анхель Ды Марыя, які выйшаў на замену. Парыжане набралі дзевяць ачкоў у трох матчах і займаюць першае месца ў турнірнай табліцы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя