Беларускія валейбалісты даведаліся супернікаў у адборавым цыкле
Беларускія валейбалісты даведаліся супернікаў у адборавым цыкле чэмпіянату Еўропы 2019 года. Па выніках лёсавання ў Люксембургу, нацыянальная каманда згуляе ў групе Е разам са зборнымі Іспаніі, Нарвегіі і Грузіі. Пераможца атрымае права выступіць у фінальнай стадыі кантынентальнага форуму. Яшчэ пяць камандаў, якія зоймуць другія месцы ў сямі адборавых групах, па дадатковых паказчыках атрымаюць права выступіць на чэмпіянаце Еўропы. Кваліфікацыйныя матчы будуць згуляныя са жніўні 2018 года па студзень 2019-га. Вырашальную стадыю турніру, у якой замест 16 зборных згуляюць 24, прымуць адразу чатыры краіны: Францыя, Славенія, Бельгія і Нідэрланды.
Беларуская жаночая нацыянальная каманда на кантынентальны форум 2019 года прайшла без адбору па выніках выступаў на ЧЕ ў Азербайджане і Грузіі, дзе валейбалісткі занялі рэкордна высокае для сябе сёмае месца. Беларускае Радыё Рацыя
