Беларускія валейбалісты перамаглі нідэрландцаў на моладзевым ЧЕ



Другі матч падначаленых Сяргея Троцкага на групавой стадыі турніру у Чэхіі завяршыўся з лікам 3:0.

Гульня прайшла са значнай перавагай беларускай каманды, якая была лепш за супернікаў практычна ва ўсіх кампанентах за выключэннем падачы. Лепшым бамбардзірам у шэрагах пераможцаў стаў Максім Багатка, які набраў 14 ачкоў.  Наступны матч беларусы згуляюць 1 кастрычніка супраць аднагодкаў з Нямеччыны.

Герасімаў прайграў Надалю на адкрытым чэмпіянаце Францыі па тэнісе

На парыжскіх кортах „Ралан Гарос” працягваюцца матчы адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе. Адзіны прадстаўнік Беларусі ў мужчынскім адзіночным разрадзе Ягор Герасімаў, які займае 83-е месца ў сусветным рэйтынгу, у паядынку 1/64 фіналу прайграў другой ракетцы планеты іспанскаму тэнісісту Рафаэлю Надалю – 4:6, 4:6, 2:6. Беларус годна змагаўся супраць 12-разовага  трыўмфатара Frаnce Open, але ў выніку вопытны іспанец давёў справу да перамогі. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 5 хвілін. У другім раўндзе супернікам Рафаэля Надаля будзе амерыканскі тэнісіст Макензі Макдональд.

Футбалісты „Мінска” перамаглі „Смалявічы” ў чэмпіянаце Беларусі

Футбалісты „Мінска” святкавалі валявую перамогу над „Смалявічамі” у хатнім матчы 25-га тура чэмпіянату Беларусі. У першым тайме сустрэчы на полі менскага стадыёна „Трактар” гасцей вывеў наперад Леанід Ханкевіч, які вызначыўся на 16-й хвіліне. Пасля перапынку менчукі актывізаваліся: спачатку Аляксандр Васільеў з пенальці аднавіў раўнавагу, а затым Аляксандр Ануфрыеў забіў пераможны гол – 2:1. Гэта другая запар вікторыя „Мінска”, а „Смалявічы” прайгралі восьмы паядынак запар і трывала абгрунтаваліся на апошнім месцы ў турнірнай табліцы чэмпіянату краіны.

Мікалай Сігневіч вярнуўся ў барысаўскі БАТЭ

Вядомы беларускі нападнік Мікалай Сігневіч вярнуўся ў склад барысаўскага БАТЭ. Раней форвард, якому зараз 28 гадоў, выступаў у барысаўскім клубе пяць сезонаў, стаўшы пяціразовым чэмпіёнам Беларусі. Акрамя таго, ён гуляў за берасцейскае „Дынама”, грэцкі „Платаніас” і „Ферэнцвараш” з Будапешта, з якім двойчы выйграваў золата чэмпіянату Вугоршчыны. Мінулым летам Мікалай Сігневіч перайшоў у клуб расейскай прэм’ер-лігі „Хімкі”, а цяпер вярнуўся ў БАТЭ, які лідыруе ў чэмпіянаце Беларусі. Таксама беларускі паўабаронца Аляксей Наско пяройдзе з „Энергетыка”-БДУ ў БАТЭ. Кантракт будзе дзейнічаць з 1 студзеня. Футбаліст нарадзіўся у 1996 годзе ў Гародні. Выхаванец мясцовай ДЮСШ „Белкард” (першы трэнер – Уладзімір  Семерыкоў). З 16 гадоў Наско выступаў за дубль „Нёмана”. Дэбют за асноўны склад адбыўся на „Барысаў-Арэне” – у 2015 годзе Аляксей выйшаў на замену ў кубкавым чвэрцьфінальным супрацьстаянні з БАТЭ. У чэмпіянаце таго года адыграў 8 матчаў.

Улетку 2016 га адправіўся ў арэнду ў першалігавую „Смаргонь”, адкуль у „Нёман” ужо не вярнуўся. У 2017-м перабраўся ў „Энергетык”-БДУ, разам з якім па выніках сезона 2018 выйшаў у элітны дывізіён. А таксама хутка ператварыўся ў аднаго з лідараў „студэнтаў”, атрымаў капітанскую павязку. У гэтым сезоне ўдзельнічаў ва ўсіх паядынках „энергетыкаў”, прычым ад званка да званка, паведамляе прэс-служба БАТЭ.

„Ліверпуль” перамог „Арсенал”

У апошнім матчы 3-га тура англійскай прэм’ер-лігі „Ліверпуль” на „Энфілдзе” нанёс паразу „Арсеналу” – 3:1. Прайграючы пасля гола Ляказэта на 25-й хвіліне, «Ліверпуль» дзякуючы намаганням Манэ і Роберцана выйшаў наперад яшчэ у першым тайме. Напрыканцы сустрэчы першы мяч у форме „чырвоных” забіў партугальскі навабранец Дыяген Жота. Набраўшы максімальна магчымыя 9 балаў, мерсісайдцы зраўняліся ў табліцы з землякамі з „Эвертана” і „Лестэрам”, якія таксама стартавалі з трох перамог. Лонданцы страцілі першыя ачкі ў чэмпіянаце.

„Тампа” заваявала Кубак Стэнлі

Абыграўшы ў шостым матчы фінальнай серыі „Далас”, „Тампа” другі раз у гісторыі заваявала Кубак Стэнлі. Папярэдні трыумф „маланак” быў у 2004 годзе. Форвард „Тампы” Мікіта Кучараў, набраўшы 34 (7 + 27) ачкі ў 25 матчах, стаў лепшым бамбардзірам плэй-оф. Лаўры MVP і прыз „Conn Smythe Trophy” дасталіся шведскаму абаронцу „маланак” Віктару Хедману, які закінуў ў цяперашнім плэй-оф 10 шайбаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by