Беларускія весляры на ЧС сярод юніёраў і моладзі выйгралі 6 медалёў



Шэсць медалёў выйгралі беларускія весляры на ЧС сярод юніёраў і моладзі да 23 гадоў у Партугаліі. У стартах старэйшай узроставай катэгорыі вызначыліся байдарачнікі Аліна Неўмяржыцкая і Раман Захаранка, якія выйгралі золата ў міксце на дыстанцыі 500 м.

Фота арганізатараў

На аналагічнай дыстанцыі ў гонках байдарак-двоек у мужчын перамаглі Раман Захаранка і Уладзіслаў Кравец. Таксама Уладзіслаў Кравец заваяваў бронзу ў стартах байдарак-адзіночак на дыстанцыі 1000 м. Старты жаночых байдарак-двоек на 200 м прынеслі перамогу Вераніцы Леанюк і Марыі Каваленцы. У спаборніцтвах жаночых байдарак-двоек на 500 м яны сталі бронзавымі медалісткамі. Срэбрам адзначыліся канаісты Аляксандр Зубок і Ілля Бурканаў. Іх дуэт выйграў ўзнагароду на дыстанцыі 500 м.

Сяргей Касціцын падпісаў кантракт з „Чыксерэдай”

Беларускі форвард Сяргей Касціцын заключыў кантракт з „Чыксерэдай”, якая выступае адначасова ў дзвюх лігах: Эрстэ-лізе (новы клуб Сяргея з’яўляецца дзеючым чэмпіёнам) і ўнутраным чэмпіянаце Румыніі. У мінулым месяцы Касціцын закінуў чатыры шайбы ў Кубку Руслана Салея і стаў лепшым снайперам турніру ў складзе „Шахцёра”

Новак Джокавіч прабіўся ў чвэрцьфінал адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе

Сербскі тэнісіст Новак Джокавіч стаў апошнім чвэрцьфіналістам мужчынскага адзіночнага разраду адкрытага чэмпіянату ЗША. У матчы 1/8 фіналу лідар сусветнага рэйтынгу перайграў 20-гадовага амерыканскага тэнісіста Джэнсана Бруксбі, які займае 99-е месца ў рэйтынгу АТР – 1:6, 6:3, 6:2, 6:2. У паядынку за выхад у паўфінал Новак Джокавіч сустрэнецца з італьянцам Матэа Берэціні (8-ы нумар сусветнага рэйтынгу).

Мікіта Капленка стаў гульцом „Валгара”

Кантракт з Астраханскім футбольным клубам „Валгар” падпісаў чатырохразовы прызёр чэмпіянатаў Беларусі Мікіта Капленка, – паведамляе афіцыйны сайт ФНЛ. У студзені 2021 года Капленка падпісаў кантракт з „Чайкай”, аднак ужо ў жніўні бакі абвясцілі пра спыненне супрацоўніцтва.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя