Беларусы абыгралі Егіпет у Лізе нацый



Мужчынская зборная Беларусі па валейболе перамагла на старце кваліфікацыі Лігі нацый супернікаў з Егіпта 3: 2. Матч адбыўся ў сталіцы Славеніі Любляне. Перад пачаткам гульні невялікую перавагу эксперты аддавалі беларусам. Аднак каманда Віктара Бекшы не змагла выставіць аптымальны склад. Напружаны графік выступаў у Еўралізе адбіўся на кандыцыях валейбалістаў. Напад беларусаў быў не ідэальным, хоць у першых двух партыях блок нашай каманды выглядаў прыкметна лепш. Лепшымі гульцамі ў зборнай Беларусі сталі нападнікі Радзівон Міскевіч (27 ачкоў), Павел Куклінскі (24), пасуючы Канстанцін Цюшкевіч (10 ачкоў). Другі матч на турніры ў Любляне ў групе В беларуская каманда правядзе супраць Кубы. Гэтая лацінаамерыканская дружына раней уваходзіла ў лік лідараў сусветнага валейбола, але не змагла зацікавіць сваіх лідараў, якія выступаюць у вядучых італьянскіх клубах, і апошнія гады значна здала пазіцыі.

Настасся Васкевіч паставіла новы рэкорд Беларусі

Беларуска Настасся Васкевіч абнавіла нацыянальны рэкорд на дыстанцыі 200 м батэрфляем у Адкрытым кубку Беларусі па плаванні, які праходзіць у Берасці. Новае дасягненне цяпер складае 2 хвіліны 14,73 секунды. Папярэдні рэкорд належаў Ганне Капачэні (2 хвіліны 15,20 сек) і быў усталяваны ў 2004 годзе. Сярод пераможцаў Адкрытага кубка Беларусі і самыя моцныя плыўцы нацыянальнай каманды: Ілля Шымановіч, Яўген Цуркін, Мікіта Цмыг, Канстанцін Курачкін. Спаборніцтвы з’яўляюцца адборачнымі да Алімпійскіх гульняў у Токіо. У турніры прымае ўдзел 271 спартовец з Беларусі, Украіны, Казахстана, Кыргызстана, Польшчы і Латвіі.

Азаранка і Сасновіч прайшлі ў другі раўнд Уімблдона

Беларуска Вікторыя Азаранка разам з аўстралійкай Эшлі Барці выйшлі ў другі раўнд парнага разраду Уімблдонскага турніру, перамогшы ў першым раўндзе яшчэ адзін беларуска-аўстралійскі дуэт Лідзію Марозаву / Сторм Сандэрс – 6: 0, 6: 1. Беларуска-ўкраінская пара Аляксандра Сасновіч / Леся Цурэнка перамаглі швейцарска-амерыканскі дуэт Тымеа Бачынкі / Бернарда Пера – 6: 4, 4: 6, 6: 1.

Валерый Бохня стаў галоўным трэнерам мікашэвіцкага „Граніту”. З пасады галоўнага трэнера „Граніту” Валерый Бохня сышоў у ліпені мінулага года. Тады каманду ўзначаліў былы асістэнт Бохні Алег Сідарэнка.

Перу сенсацыйна абыграў Чылі

Зборныя Перу і Чылі правялі паўфінальны матч Кубка Амерыкі. Перуанцы сенсацыйна перамаглі ў сустрэчы з лікам 3: 0. Па ходу матчу вызначыліся Эдысан Флорэс, Йошымар Йотун і Хасэ Паола Герэра. У кампенсаваны час чылійскі нападнік Эдуарда Варгас не змог рэалізаваць пенальці. 7 ліпеня ў фінале зборная Перу згуляе супраць каманды Бразіліі. Чылі з камандай Аргенціны разыграюць бронзавыя медалі турніру.

«Атлетыка» купіла 19-гадовага Феліша за 126 мільёнаў

Атакуючы паўабаронца „Бенфікі” Жуан Феліш працягне кар’еру ў „Атлетыка”. Мадрыдскі клуб анансаваў трансфер 19-гадовага хаўбека, апублікаваўшы ролік у сваім афіцыйным Твітэры. „Бенфіка” таксама пацвердзіла пераход гульца, за якога „Атлетыка” заплаціць 126 мільёнаў еўра. Кантракт разлічаны на сем сезонаў. Плацёж будзе разбіты на часткі. Феліш падпіша са сваім новым клубам 5-гадовы кантракт з заробкам 3,5 мільёна еўра за сезон. На клубным узроўні Феліш правёў 87 матчаў ва ўсіх турнірах, забіў 34 гола, аддаў 17 выніковых перадач і зарабіў 15 жоўтых картак.

Беларускае Радыё Рацыя