Беларусы не змаглі абыграць эстонцаў



Зборная Беларусі па футболе згуляла на хатняй арэне ўнічыю 0:0  з камандай Эстоніі ў рамках адборавага турніру да чэмпіянату Еўропы-2020.

Першы тайм прайшоў у роўнай барацьбе. Абедзве каманды мелі па добрай магчымасці забіць. Спачатку паўабаронца гасцей Канстанцін Васільеў трапіў у штангу, а з дабівання не трапіў па пустой браме. У нападзе беларусаў Станіслаў Драгун галавой прабіў у брамніка. А вось у другім тайме беларусы мелі адчувальную перавагу. Усё той жа Драгун меў некалькі выдатных шанцаў забіць, але выдатна згуляў брамнік гасцей, які выратаваў каманду пасля ўдараў з межаў штрафной. Пасля гэтага матчу Беларусь замацавалася на чацвёртым месцы ў групе, якое наша каманда страціць толькі ў выпадку перамог Эстоніі над фаварытамі групы. У другім матчы групы С, дзе выступае зборная Беларусі, футбалісты Нідэрландаў перамаглі паўночнаірландскую дружыну — 3:1. Наступны матч аранжавыя правядуць са зборнай Беларусі 13 кастрычніка ў Менску.

«Сталіца» прайшла ў элітны раўнд Лігі чэмпіёнаў

У другім матчы асноўнага раўнда міні-футбольнай Лігі чэмпіёнаў менская „Сталіца” абыграла „Тулон” з лікам 3:1. Пасля другога гульнёвага дня турнірная табліца Групы 7 міні-футбольнай Лігі чэмпіёнаў здабыла наступны выгляд: „Сталіца” – 6 ачкоў, косаўскі «Лібурн» – 2, «Тулон» і „Хавакуба”— па 1 ачку. Такім чынам беларусы за тур да канца спаборніцтваў забяспечылі сабе месца ў элітнай стадыі турніру.

Стэфановіч і Аносаў вяртаюцца ў «Дынама»

Міхаіл Стэфановіч і Арцём Аносаў, раней камандзіраваныя ў склад „Юнацтва”, вернутыя ў менскае „Дынама” напярэдадні матчу чэмпіянату КХЛ з „Йокерытам” з Хельсінкі. Стэфановіч і Аносаў дапамаглі „Юнацтву” ў матчы Лігі чэмпіёнаў супраць фінскай каманды „Пеліканс”. Падначаленыя Аляксандра Макрыцкага абыгралі супернікаў з Лахці. Міхаіл Стэфановіч адзначыўся дублем. Абодва форварды далучацца да „зуброў” ўжо ў сталіцы Фінляндыі. Пасля пяці тураў Лігі чэмпіёнаў хакеісты „Юнацтва” з васьмю ачкамі займаюць трэцяе месца ў групе D, адстаючы на адзін бал ад лідзіруючай „Лазаны”. Матч „Дынама” і „Йокерыта” адбудзецца сёння а 18:30 па беларускім часе.

Кавалёва прайшла ў другі раўнд чэмпіяната свету па боксе

Беларуска Кацярына Кавалёва выйшла ў другі раўнд чэмпіянату свету па боксе сярод жанчын, які праходзіць ў расейскім Улан-Удэ. Кавалёва ў вагавай катэгорыі звыш 81 кг перамагла прадстаўніцу Індыі Кавіту Чахал раздзельным рашэннем суддзяў 4:1. Наступны паядынак беларуска правядзе заўтра супраць спартоўкі з ЗША. Чэмпіянат свету з’яўляецца перадалімпійскім, але з-за рознагалоссяў Міжнароднай асацыяцыі бокса і Міжнароднага алімпійскага камітэта падчас гэтага турніру не разыгрываюцца ліцэнзіі на галоўны старт чатырохгоддзя ў Токіо.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pressball.by