Беларусы перамаглі італьянцаў у кваліфікацыі гандбольнага ЧЕ



Гандбалісты зборнай Беларусі дамагліся другой перамогі ў адборавым турніры чэмпіянату Еўропы 2022 года. У сваім трэцім паядынку 6-й кваліфікацыйнай групы беларускія гандбалісты абыгралі на пляцоўцы менскай „Чыжоўка-Арэны” каманду Італіі з лікам 37:32. На працягу амаль усяго першага тайма гульня ішла мяч у мяч, і толькі да перапынку беларусам удалося адарвацца ад супернікаў на чатыры галы. Да сярэдзіны другой паловы сустрэчы італьянцам атрымалася дагнаць гаспадароў – 28:28, але затым беларусы зноў захапілі ініцыятыву і давялі сустрэчу да перамогі з розніцай у пяць мячоў. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Мікіта Вайлупаў, які закінуў 12 мячоў. Свой наступны матч падначаленыя Юрыя Шаўцова правядуць 13 сакавіка ў Валміеры супраць латвійскіх гандбалістаў.

СКА выбіў «Дынама-Менск» з плэй-оф КХЛ

Менскае «Дынама» вяло 3:2 у пятым матчы са СКА за дзве хвіліны да фінальнай сірэны, але расейцы перавялі гульню ў авертайм і там закінулі пераможную шайбу.

«Зубры» выйшлі наперад першымі: на 4-й хвіліне вызначыўся Павел Варфаламееў. Затым двойчы забіў гулец СКА Галімаў: на 25-й і 30-й хвілінах. Менчане намаганнямі Варфаламеева зраўнялі лік на 43-й хвіліне. На 44-й Масалёў вывеў «Дынама» наперад. Марчанка перавёў гульню ў авертайм толькі на 58-й хвіліне. Выніковы лік усталяваў Кузьменка 4:3. Агульны лік у серыі стаў 4:1 на карысць СКА.

Валейбалісткі „Менчанкі” паўторна абыгралі „Дынама-Метар” у матчы расейскай суперлігі

Валейбалісткі „Менчанкі” абыгралі „Дынама-Метар” у перанесеным матчы 18-га тура расейскай суперлігі з лікам 3:1. Дзякуючы гэтай перамозе „Менчанка” выцесніла саратаўскі „Пратон” з восьмага радка турнірнай табліцы. Беларуская каманда адсвяткавала 11-ю вікторыю і, набраўшы 32 ачкі ў 26 матчах папярэдняга раўнда жаночай суперлігі, выйшла ў наступную стадыю спаборніцтваў. Наступны матч мінскія валейбалісткі правядуць 13 сакавіка супраць „Ленінградкі”, якая завяршыла папярэднюю стадыю турніру на 5-м месцы.

«Барселона» вылецела з Лігі чэмпіёнаў, «ПСЖ» і «Ліверпуль» ідуць далей

У матчы ў адказ 1/8 фіналу футбольнай Лігі чэмпіёнаў французскі «Пары Сэн-Жэрмэн» згуляў унічыю з іспанскай «Барселонай» – 1:1 – на гол Мбапэ з пенальці Месі адказаў моцным стрэлам з дыстанцыі, але напрыканцы першага тайма не рэалізаваў пенальці, які парыраваў Навас. У другой палове «ПСЖ» атрымалася збіць атакуючы парыў гасцей і спакойна давесці матч да задавальняльнай нічыі. Першая гульня гэтых каманд завяршылася ў Барселоне гасцявой перамогай парыжанаў з лікам 4:1. У іншым матчы дня «Ліверпуль» упэўнена абыграў «РБ Лейпцыг» – 2:0. Вызначыліся Махамед Салах і Садзіа Манэ. У першым матчы «мерсісайдцы» выйгралі з тым жа лікам, а таму прайшлі ў наступную стадыю Лігі чэмпіёнаў.

Беларускае Радыё Рацыя