Беларусы прайгралі нідэрландцам, палякі і расейцы едуць на Еўра



Зборная Беларусі па футболе саступіла супернікам з Нідэрландаў – 1: 2 у матчы адборавага раўнда чэмпіянату Еўропы-2020 групы С.

На 32-й хвіліне за кошт індывідуальнага майстэрства паўабаронца „Ліверпуля” Жаржыньё Вейналдум змог засмуціць заўзятараў беларускай зборнай. Праз 9 хвілін ён жа эфектным ударам аформіў дубль. Другі тайм пачаўся з нападаў зборнай Беларусі. На 54-й хвіліне розніцу ў ліку скараціў гулец БАТЭ Станіслаў Драгун. У далейшым каманды працягнулі гуляць у адкрыты футбол. Аднак лік да фінальнага свістка не змяніўся.

Такім чынам, нідэрландцы набралі 15 ачкоў пасля 6-ці матчаў. У беларусаў, якія правялі 7 гульняў, засталося 4 пункты. Таксама ў групе С  Эстонія прадказальна саступіла Нямеччыне 0:3. Зборная Польшчы датэрмінова выйшла на чэмпіянат Еўропы, дзякуючы хатняй перамозе ў матчы з камандай Паўночнай Македоніі з лікам 2: 0. Галы ў матчы забілі Пшэмыслаў Франкоўскі на 74-й хвіліне і Аркадыуш Мілік на 80-й. Расея таксама датэрмінова выйшла на Еўра. Камандзе Станiслава Чарчэсава дастаткова было не прайграць у гасцях Кіпру. І гэта ў яе лёгка ўдалося. Ужо на 9-й хвіліне гол пасля памылкі абаронцы забіў Дзяніс Чэрышаў, а праз 14 хвілін ён жа аддаў галявы пас Магамеду Аздоеву. На 28-й хвіліне Кіпру стала яшчэ цяжэй – пасля жорсткага ўдару па назе Пятрова быў выдалены Канстанцінас Лайфіс, а на 40-й хвіліне зборнай Кіпра давялося памяняць галкіпера. На 78-й хвіліне свой дзявяты гол у адборавым цыкле забіў капітан расейцаў Арцём Дзюба. На 89-й хвіліне 4-ы мяч забіў Аляксандр Галавін з падачы Дзюбы. А канчатковы лік 5:0 (зноў жа з падачы Дзюбы) усталяваў Дзяніс Чэрышаў.  У фінальную частку турніру прабіліся таксама каманды Бельгіі і Італіі.

Чацвёртая запар параза «зуброў» у КХЛ

Хакеісты менскага „Дынама” саступілі падольскаму „Віцязю” ў гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ  0:3. Першы перыяд гульцы правялі ў роўнай барацьбе без закінутых шайбаў. Адкрыў лік на 38-й хвіліне нападнік  гаспадароў лядовай пляцоўкі Арцём Швец-Рагавы.  Падвоіць перавагу атрымалася форварду „Віцязяў” Міру Аалтанену. Незадоўга да фінальнай сірэны яго падтрымаў партнёр па камандзе Якуб Ержабек, закінуўшы шайбу ў пустую брамку  „зуброў”. „Дынама” пацярпела чацвёртую паразу запар. Наступны матч менчукі правядуць 17 кастрычніка з ніжагародскім „Тарпеда”. Сустрэча пройдзе на „Мінск-Арэне” і стартуе ў 19.00.

Тры ўзнагароды выйгралі беларускія дзюдаісты ў Таліне

Беларускія спартоўцы заваявалі тры ўзнагароды на міжнародным турніры па дзюдо Tallinn European Open 2019. Срэбраны медаль заваяваў беларускі атлет Юсуп Бекмурзаеў у вагавай катэгорыі 81 кг, які ў фінальным паядынку саступіў французу Бапцісту П’еру.  Залатую ўзнагароду ў скарбонку зборнай Беларусі прынёс Ягор Кухарэнка ў вазе звыш 100 кг. На другім радку выніковага пратаколу размясціўся яго партнёр па камандзе Уладзіслаў Цярпіцкі.  У медальным заліку беларуская каманда заняла чацвёртае месца.  Удзел у турніры прынялі 322 атлеты з 38 краін.

Плыўцы засталіся без медалёў на этапе Кубка свету ў Берліне

Беларускія спартоўцы не змаглі заваяваць узнагароды на пятым этапе Кубка свету па плаванні, які прайшоў з 11 па 13 кастрычніка ў Берліне. Лепшы вынік сярод беларускіх атлетаў паказаў Рыгор Пякарскі, заняўшы чацвёртае месца на дыстанцыі 50 метраў батэрфляем з вынікам 23,68 секунды. На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўзняўся плывец з ЗША Майкл Эндру – 23,22 секунды. На папярэдніх этапах Кубка свету ў Токіо і Сінгапуры беларускія плыўцы заваявалі два залатыя і чатыры бронзавыя ўзнагароды.

СКА выйшаў у трэці раўнд Кубка ЕГФ

Перамогшы на сваёй пляцоўцы славенскую „Рыбніцу” з лікам 28:23 менскі СКА забяспечыў сабе месца ў 3-м кваліфікацыйным раўндзе Кубка ЕГФ. Сепернік менчукоў па наступным раундзе розыгрышу Кубка ЕГФ вызначыцца пасля лёсавання 15 кастрычніка.

«Цмокі» мацней за славацкі «Янг Энджэлс»

Жаночая каманда менскіх „Цмокаў” узяла верх над „Янг Энджэлс” са Славакіі ў матчы Еўрапейскай лігі – 80:45. Самымі выніковымі сталі Одэра Чыдам (15 ачкоў), Ала Мураўская (14 ачкоў + 4 падборы) і Рейчэл Тэрыёт (13 ачкоў + 3 падборы). Раней менчанкі перайгралі чэшскую „Астраву” 67:52 і „Астану” з Казахстана 70:57.

«Мінчанка» прайграла «Уралачцы»

У першым туры расейскай суперлігі валейбалісткі „Мінчанкі” пацярпелі паразу ад „Уралачкі-НТМК” з лікам 3:0. Самай выніковай валейбалісткай у складзе беларускай каманды стала Кацярына Сакольчык, якая набрала 13 ачкоў. „Да той гульні, да якой імкнемся, яшчэ ісці вельмі далёка. Мы толькі ў самым пачатку шляху, працы яшчэ непачаты край „, – падагульніў матч галоўны трэнер „Мінчанкі ” Віктар Ганчароў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pressball.by