Беларусы занялі 4-е месца ў групе адборавага турніру моладзевага ЧЕ па футболе
Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі занялі чацвёртае месца ў 7-й кваліфікацыйнай групе адборавага турніру першынства Еўропы 2021. У заключным паядынку гэтай групы партугальскія футбалісты на сваім полі нанеслі першую паразу камандзе Нідэрландаў – 2:1. Выніковае становішча: Нідэрланды – 27 ачкоў, Партугалія – 27, Нарвегія – 10, Беларусь – 8, Кіпр – 7, Гібралтар — 0 ачкоў. Разам з Нідэрландамі і Партугаліяй у фінальную стадыю маладзёжнага кантынентальнага першынства з іншых папярэдніх груп выйшлі каманды Італіі, Францыі, Швейцарыі, Англіі, Нямеччыны, Даніі, Іспаніі, Расеі, Румыніі, Харватыі, Чэхіі, а таксама гаспадары фіналу футбалісты Вугоршчыны і Славеніі, якія былі вызваленыя ад кваліфікацыі. Уладальніка апошняга пропуску ў фінальную частку маладзёжнага Еўра-2021 вызначыць УЕФА. Гэта будзе зборная Ірландыі або Польшчы.
Францыя, Іспанія, Бельгія і Італія выйшлі ў фінальную частку Лігі нацый
Пасля паядынкаў заключнага тура групавога этапу сталі вядомыя ўсе ўдзельнікі фінальнага раўнда другога сезона Лігі нацый УЕФА. У заключным туры 1-й групы лігі А футбалісты Італіі выйгралі ў гасцях у каманды Босніі і Герцагавіны з лікам 2:0. Зборная Польшчы на сваім полі саступіла футбалістам Нідэрландаў – 1:2. Выніковае становішча: Італія – 12 ачкоў, Нідэрланды – 11, Польшча – 7, Боснія і Герцагавіна – 2.
У 2-й групе зборная Бельгіі перамагла датчан з вынікам 4:2. Футбалісты Англіі на сваім полі разграмілі аўтсайдара турніру каманду Ісландыі – 4:0. Бельгія выйшла ў фінальную частку Лігі нацый.
Раней у фінальную стадыю прабіліся зборныя Францыі і Іспаніі. Вырашальны этап Лігі нацый плануецца правесці ў кастрычніку наступнага года ў Італіі.
Футбалісткі „Мінска” згуляюць з албанскай „Влазніяй” у Лізе чэмпіёнаў
Футбалісткі „Мінска” правядуць матч другога кваліфікацыйнага раўнда жаночай Лігі чэмпіёнаў. У барацьбе за выхад у 1/16 фіналу падначаленыя Аляксандра Лухвіча згуляюць у албанскім Шкодэры з мясцовым клубам „Влазнія”. У першым адборавым раўндзе мянчанкі разграмілі на сваёй арэне латвійскі клуб РФШ з Рыгі 3:0.
Мядзведзеў перамог Джокавіча на выніковым турніры АТР у Лондане
Расеец Данііл Мядзведзеў абыграў першую ракетку свету серба Новака Джокавіча на выніковым турніры Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР), які праходзіць у Лондане. У паядынку другога тура папярэдняга этапу расейскі тэнісіст, які займае чацвёртае месца ў сусветным рэйтынгу, перамог галоўнага фаварыта ў двух сэтах – 6:3, 6:3. Сустрэча працягвалася гадзіну 22 хвіліны. На старце турніру Данііл Мядзведзеў быў мацней за прадстаўніка Нямеччыны Аляксандра Зверава – 6:3, 6:4, а Новак Джокавіч абыграў аргентынца Дыега Шварцмана – 6:3, 6:2. У другім туры Аляксандр Звераў перайграў Дыега Шварцмана ў трохсэтавым матчы – 6:3, 4:6, 6:3.
Сёння ў іншай групе яе лідар аўстрыец Дамінік Цім сустрэнецца з расейскім тэнісістам Андрэем Рублёвым, а другі нумар сусветнага рэйтынгу іспанец Рафаэль Надаль згуляе з пераможцам мінулага выніковага турніру грэкам Стэфанасам.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
