Беларусы завяршылі турнір еўрапейскай алімпійскай кваліфікацыі без ліцэнзій



Беларусы завяршылі турнір еўрапейскай алімпійскай кваліфікацыі па настольным тэнісе ў Гімарайншы (Партугалія) без ліцэнзій. Павел Платонаў саступіў ва ўсіх трох паядынках групавой стадыі турніру.

Надзея Багданава была мацней за суперніц ў адным з трох матчаў гэтага раўнда. Дар’я Трыгалос, якая выйшла ў наступную стадыю спаборніцтваў, прайграла расейцы Яне Насковай – 0:4 (8:11; 7:11; 7:11; 6:11) і славачцы Барбары Балажовай – 2:4 (11:7, 9:11, 7:11, 11:7, 7:11, 7:11).

Аляксандр Ханін, пераадолеўшы стартавы этап турніру на першым месцы, саступіў паляку Самуэлю Кульчыцкаму – 3:4 (6:11; 11:8; 11:8; 12:14; 8:11; 11:7; 7:11) і павінен быў сустракацца з брытанцам Полам Дрынкхолам, але з-за таго, што ў некалькіх чалавек з беларускай каманды перад гульнёй выявілі CОVID-19, спартоўцу не далі магчымасці ўзяць удзел у матчы і залічылі паразу, хоць яго тэст быў адмоўным.

Максім Бабічаў завяршае кар’еру пасля заканчэння сезона

Экс-гулец зборнай Беларусі, менскага „Аркатрона”, сталічнага „Дынама” і „Мяшкоў Брэст” Максім Бабічаў прыняў канчатковае рашэнне пра завяршэнне кар’еры пасля заканчэння сезона. Апошнім клубам лінейнага стаў ўкраінскі „Матор”, які саступіў мяшкоўцам у 1/8 фіналу бягучага розыгрышу Лігі чэмпіёнаў. Бабічаў з’яўляецца шматразовым пераможцам чэмпіянату Беларусі і ўладальнікам Кубка краіны, быў сярэбраным і бронзавым прызёрам SEHA-лігі.

Івашка выйшаў у 1/8 фіналу тэніснага турніру ў Мюнхене

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка (107-ы нумар сусветнага рэйтынгу) выйшаў у 1/8 фіналу турніру катэгорыі АТР-250 у нямецкім Мюнхене. У паядынку 1/16 фіналу беларус упэўнена перамог фіна Эміля Руусувуоры (75) – 6:1, 6:2. У асноўную сетку гэтых спаборніцтваў Ілля Івашка прабіўся праз кваліфікацыю.

Ягор Герасімаў саступіў аргенцінцу Гіду Пелье ў матчы 1/16 фіналу турніру АТП у Мюнхене. Беларус, які саступаў у другім сэце, не змог завяршыць сустрэчу – 0:6, 0:2.

Галіна Бруевіч заваявала бронзу міжнароднага турніру па боксе ў Сербіі

Беларуская спартоўка Галіна Бруевіч, якая выступае ў катэгорыі 57 кг, стала бронзавай медалісткай міжнароднага турніру па боксе Branko Pesic Memorial, які праходзіць у Сербіі. Спартоўка з Гомеля ў чвэрцьфінале перамагла суперніцу з Харватыі Міколу Чачыч – 4:1, але ў паўфінале саступіла расейцы Людміле Варанцовай. Згодна з рэгламентам спаборніцтваў, атлеты, якія дайшлі да гэтай стадыі турніру, гарантуюць сабе бронзавыя ўзнагароды.

Андрэй Гусаў працягне трэніраваць польскі „Падхале”

Паводле інфармацыі Hokej.net, беларускі трэнер Андрэй Гусаў працягне ўзначальваць „Падхале”. Клуб з польскага мястэчка Новы-Тарг узгадніў з беларусам новы двухгадовы кантракт. Гусаў адзначаў, што хацеў бы працягнуць працу ў „Падхале”, нягледзячы на ​​шэраг прапаноў з Расеі і Латвіі. Таксама была інфармацыя пра цікавасць да беларускага спецыяліста з боку польскіх „Уніі” і „Катавіцэ”.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: sportpanorama.by