Беларусы завяршылі выступленне на ЧС па пляжным футболе



Зборная Беларусі па пляжным футболе завяршыла выступленне на чэмпіянаце свету ў парагвайскім Асунсьёне, не здолеўшы прабіцца ў чвэрцьфінал. У матчы 3-га тура папярэдняй групы С з расейцамі беларусы выйгравалі пасля першай трэці з лікам 3:1, але не ўтрымалі сваю перавагу, саступіўшы ў выніку 3:5.

У складзе беларускай каманды галы забілі Алег Гапон, Ігар Брыштэль і Іван Канстанцінаў. У чвэрцьфіналах, якія пройдуць 28 лістапада, згуляюць Японія – Уругвай, Італія – ​​Швейцарыя, Бразілія – ​​Расея, Партугалія – ​​Сенегал.

The Athletic: Аляксей Протас дамогся найбольшага прагрэсу сярод гульцоў, выбраных на драфце НХЛ-2019

Вядомае амерыканскае спартовае выданне The Athletic апублікавала спіс гульцоў, якія дабіліся найбольшага прагрэсу пасля драфта НХЛ-2019. На першае месца аўтар паставіў нападніка моладзевай зборнай Беларусі і клуба WHL „Прынс Альберт Райдерс” Аляксея Протаса. Складаў спіс Коры Пронман – вядучы аўтар выдання The Athletic, які спецыялізуецца на моладзевым і юнацкім хакеі. Аляксей ідзе на першым месцы ў спісе бамбардзіраў WHL. На яго рахунку 37 (17+20) ачкоў у 25 матчах. Протас трапіў у пашыраны спіс кандыдатаў у моладзевую зборную Беларусі на чэмпіянат свету (DIA), які пройдзе ў снежні ў Менску.

Форварды менскага „Дынама” Міхаіл Стэфановіч і Андрэй Паўленка камандзіраваныя ў „Юнацтва”

Нападаючыя менскага „Дынама” Міхаіл Стэфановіч і Андрэй Паўленка камандзіраваныя ў фарм-клуб „зуброў” менскае „Юнацтва”. Менчукі правядуць 27 лістапада сустрэчу з „Гомелем” у рамках чэмпіянату Беларусі. Міхаіл Стэфановіч у гэтым сезоне КХЛ згуляў 8 матчаў за „Дынама”. Андрэй Паўленка згуляў за „Дынама” 13 матчаў.

Менскія „Цмокi” правядуць матчы баскетбольных еўракубкавых турніраў

Баскетбалісты „Цмокi-Менск” правядуць сёння матчы еўрапейскіх кубкавых турніраў. Мужчынская каманда ў заключным паядынку першага групавога этапу розыгрышу Кубка ФІБА-Еўропа прыме гасцей з украінскага „Кіева” (пачатак у 19.30).

Жаночая каманда „Цмокi-Менск” у 5-м туры групавога раўнда Еўракубка сёння згуляе ў Краснаярску з лідарам групы D мясцовым „Енісеем”. У Менску чэмпіёнкі Беларусі саступілі „Енісею” з лікам 68:70. У гэтым турніры чэмпіёнкі Беларусі перамаглі на сваёй арэне славацкі „Ружомберак”, а таксама двойчы прайгралі турэцкаму „Хатаю”.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

© Photo: Асацыяцыя „Федэрацыя пляжнага футбола”

[manual_related_posts]